Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 ліпеня 2000 г.


Юры Дракахруст, Прага

На мінулым тыдні прэзідэнт Югаславіі Мілошавіч прызначыў на 24 верасьня правядзеньне прэзідэнцкіх і парляманцкіх выбараў. Амэрыканская прэса аналізуе перадвыбарчую сітуацыю ў Югаславіі.

"Мілошавіч выглядае пераможцам, на верасьнёўскіх выбарах няма альтэрнатывы, якая б заслугоўвала даверу", – пад такою назваю Washington Post друкуе сёньня артыкул свайго карэспанэнта Джэфры Сьміта.

Ён адзначае, што Мілошавіч, баючыся замаху на свае жыцьцё, рэдка зьяўляецца на людзях, палова насельніцтва краіны – беспрацоўныя, пасьля войнаў у Босніі і Косаве да Мілошавіча прыязджаюць прадстаўнікі толькі такіх краінаў, як Ірак і Бірма. Але Джэфры Сьміт называе югаслаўскага прэзідэнта "Садамам Гусэйнам Эўропы", лідэрам, які прайграў вайну, але мае магчымасьць утрымліваць уладу як заўгодна доўга.

Washington Post спасылаецца на меркаваньне амэрыканскіх і эўрапэйскіх наглядальнікаў, паводле якіх Мілошавіч амаль забясьпечыў сабе працяг прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў яшчэ на 4 гады.
Джэфры Сьміт прыводзіць думку аналітыка амэрыканскага ўраду, які лічыць, што ў Югаславіі няма ніводнае сур'ёзнае альтэрнатывы Мілошавічу, няма асобы кшталту Лэха Валэнсы.

Заходнія краіны канстатуюць, што маюць няшмат сродкаў, каб уплываць на сытуацыю ў Югаславіі. Washington Post спасылаецца на словы крыніцы са штаб-кватэры НАТА, якая гаворыць наконт сытуацыі ў Югаславіі: "Чаканьне -–гэта адзінае, што мы можам зрабіць". Паводле газэты, аналітыкі лічаць малаверагодным і ваенны пераварот у Югаславіі, бо войска захоўвае ляяльнасьць Мілошавічу.

Хаця, паводле меркаваньня аглядальніка Washington Post, "Мілошавіч ужо выглядае пераможцам", ЗША робяць стаўку на выбары. Сутнасьць стратэгіі, якую зараз праводзіць Вашынгтон, аўтар газэты NEW YORK TIMES Сьцівэн Эрлянгэр выносіць у загаловак свайго сёньняшняга артыкулу: "ЗША прымушаюць апанэнтаў Мілошавіча аб'яднацца напярэдадні верасьнеўскіх выбараў".

Некалькі тыдняў таму Мілошавіч правёў праз югаслаўскі парлямант зьмены ў Канстытуцыю. Гэтыя зьмены дазваляюць яму балятавацца на пасаду кіраўніка дзяржавы ўжо ў трэці раз: ён кіруе краінаю з 1989 году. Зараз прэзыдэнт Югаславіі будзе абірацца ўсенародным галасаваньнем, а не парлямантам.

Гэтыя зьмены выклікалі абурэньне ў Чарнагорыі – рэспубліцы, што ўваходзіць у склад югаслаўскае федэрацыі. У Чарнагорыі лічаць, што гэтыя зьмены абмяжоўваюць правы рэспублікі ў федерацыі. Washington Post нагадвае, што лідэр Чарнагорыі прэзыдэнт Джуканавіч ужо заявіў пра няўдзел Чарнагорыі ў агульнаюгаслаўскіх выбарах. Джуканавіч зьвяртаецца да ўрадаў заходніх краінаў, каб яны не прызнавалі вынікі гэтах выбараў. Канцлер Нямеччыны Шродар параўнаў канстытуцыйныя зьмены ў Югаславіі з тымі, якія ўносіў у Канстытуцыю нацысцкі ўрад у 30-х гадох.

Найбольш уплывовая апазыцыйная партыя – Сэрбскі Рух Аднаўленьня на чале з Вукам Драшкавічам – таксама ўжо заявіла пра свой няўдзел у выбарах. " Хай яны маюць усё, хай задушацца сваёю ўладаю", – заяўляе Драшкавіч.

Ён падкрэсьлівае, што выбары ня будуць ані свабоднымі, ані справядлівымі – ён прыгадвае жорсткія рэпрэсіі супраць апазыцыі і ціск на незалежныя мэдыі. Абедзьве амэрыканскія газэты малююць сумную карціну палітычнай сітуацыі ў Югаславіі.

За апошні час былі арыштаваныя 500 актывістаў апазыцыйнага студэнцкага Руху "Отпор".

Напярэдадні выбараў узмацняецца ціск на нешматлікія незалежныя мэдыі: варта прыгадаць крадзёж абсталяваньня ў незалежных тэле- і радыёстанцыях, загадкавыя перабоі з папераю ў недзяржаўных выданьнях, напад на карэспандэнта радые "Свабодная Эўропа".
З вуснаў высокапастаўленых асобаў гучаць абвінавачваньні на адрас журналістаў у супрацоўніцтве з замежнымі спэцслужбамі.

І гэта не пустыя пагрозы. На мінулым тыдні ў горадзе Ніш па абвінавачваньні ў шпіянажы на 7 гадоў зьняволеньня быў асуджаны журналіст Філіпавіч. На самой справе, ягная віна палягала ў публікацыі артыкулаў пра зьверствы сэрбскага войска супраць альбанскага насельніцтва Косава ў мінулым годзе.

Узмацняецца ціск і на судовую сыстэму: Мілошавіч звольніў больш за 20 судьдзяў, якія адмаўляліся выконваць загады ўладаў.

Але, паводле NEW YORK TIMES, ЗША лічац , што аб'яднаная сэрбская апазыцыя разам з уладамі Чарнагорыі могуць нанесьці паразу Мілошавічу. У артыкуле прыгадваецца, як аб'яднаная апазыцыя здолела выйграць месяцовыя выбары ў буйных гарадох Югаславіі ў 1996 годзе. Тады Мілошавіч не прызнаў вынікі гэтых выбараў, што спарадзіла масавыя пратэсты.

Паводле NEW YORK TIMES, амэрыканцы тлумачаць апазыцыі, што, калі Мілошавіч сфальсыфікуе верасьнёўскія выбары, гэта будзе падставаю для апазыцыі распачаць кампанію пратэстаў. " Байкот ня можа перамагчы Мілошавіча, гэтак жа, як і ня мае шанцаў на посьпех разьяднаная апазыцыя", – так перадае NEW YORK TIMES пазыцыю афіцыйнага Вашынгтону.

Washington Post спасылаецца на апошнія сацыялягічныя апытаньні, паводле якіх дзьве траціны грамадзянаў Югаславіі хацелі б зыходу Мілошавіча, але кожны апазыцыйны кандыдат яшчэ менш папулярны, чым дзеючы прэзыдэнт.

І Washington Post, і NEW YORK TIMES падкрэсьліваюць складанасьць дылемаў , якія паўстаюць перад югаслаўскай апазыцыяй. Washington Post цытуе Нехада Канака, апазыцыйнага лідэра з сэрбскай правінцыі Ваяводзіна: "Калі мы ўдзельнічаем у выбарах – мы павінны прыняць падман Мілошавіча, калі мы ня удзельнічаем у іх – мы паднясем Мілошавічу на талерачцы ўсе, што ён хоча".

THE NEW YORK TIMES прыводзіць аргумэнты праціўнікаў выбараў, прыхільнікаў чарнагорскага лідэра Джуканавіча. "Для іх, – піша газэта, – удзельнічаць у выбарах – гэта прызнаць канстытуцыйны пераварот, зьдзейсьнены Мілошавічам, і легітымізаваць яго верагодную перамогу на выбарах, справядлівую ці не".

Частка апазыцыі, у прыватнасьці, Саюз за Перамены, ужо зараз абвясьціла пра гатоўнасьць удзельнічаць у выбарах. NEW YORK TIMES называе найбольш верагодным кандыдатам у прэзыдэнты ад аб'яднанае апазыцыі Ваіслава Кастуніцу, памяркоўнага нацыяналіста, не запляжанага карупцыяй і не заангажаванага Захадам. "Гэтым, – адзначае газэта, – ён адрозьніваецца як ад Драшкавіча, гэтак і ад лідэра Дэмакратычнае партыі Джынджыча".

Washington Post зьвяртае ўвагу і на дылемы Захаду: газэта піша пра пагрозы, якія могуць прынесьці выбары. Спасылаючыся на меркаваньні наглядальнікаў, газэта ня выключае, што Мілошавіч, атрымаўшы новы мандат народнага даверу, можа распачаць новы раунд супраціву заходнім міратворчым апэрацыям у Босьніі і ў Косаве. Верагодна таксама ўзманеньне ціску на непакорную рэспубліку Чарнагорыю, і нават ваенае умяшальніцтва.

"Непакой, – піша WASHINGTON POST, – выклікаюць 10-12 тысячаў сэрбскіх жаўнераў, што знаходзяцца ў Чарнагорыі, і якія у любы момант могуць скінуць урад Джуканавіча".

Джуканавіч заяўляе, што ў выпадку канфлікту, міжнародная супольнасьць не павінна застацца ўбаку. Але ЗША лічаць, што НАТА не павінна нават плянаваць умяшальніцтва, бо гэта можа прывесьці да хааса, як тое было ў Косаве ў мінулым годзе. Таму ЗША ня маюць намеру падштурхоўваць Чарнагорыю да незалежнасьці.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Бачэр падкрэсьліў, што ЗША не падтрымліваюць незалежнасьць Чарнагорыі, "Мы за дэмакратычную Чарнагорыю ў складзе дэмакратычнай Югаславіі", – сказаў ён." "Але ані ён, ані іншыя заходнія прадстаўнікі ня могуць сказаць, што Югаславія стане дэмакратычнай у хуткім часе", – піша Джэфры Сьміт у мваім артыкуле ў Washington Post.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG