Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 31 ліпеня 2000 г.


Юрась Барысевіч, Менск

(эфір 29 ліпеня)
Навіны культуры мінулага тыдня.

Дзяржаўны камэрны хор Беларусі атрымаў запрашэньне выступіць на фэстывалі эўрапейскае музыкі "Эўропа—кантакт" у францускім горадзе Нэвэр, але ў Міністэрства культуры чарговы раз не знайшлося сродкаў, каб аплаціць сьпевакам дарогу. Гэта ня першы выпадак, калі міністэрства спачатку абяцае славутаму хору кампэнсаваць дарожныя выдаткі, а потым "кідае" яго. У знак пратэсту Ігар Мацюхоў, які стварыў Дзяржаўны камэрны хор і 10 гадоў быў ягоным мастацкім кіраўніком, прыняў расейскае грамадзянства й вырашыў зьехаць зь Беларусі.

Навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны стварае біяграфічны даведнік "Беларускія краязнаўцы", дзе будуць прадстаўленыя ня толькі гістарычныя постаці дасьледнікаў прыроды й культуры Беларусі, але й нашыя сучасьнікі. Укладальнікі даведніка просяць усіх краязнаўцаў запоўніць і даслаць на адрэсу Скарынаўскага цэнтру анкету або аўтабіяграфію і свой фатаздымак.

У гарадзенскай выстаўнай залі Саюзу мастакоў адчынілася выстава "Паэзія ў нітках". У выставе бяруць удзел больш як 50 майстрых мастацкае вышыўкі са студыі "Чараўніцы" пры Гарадзенскім гісторыка-архэялягічным музэі. Сярод найбольш цікавых твораў – вышываныя гербы Менску, Слуцку, Пінску ды іншых беларускіх гарадоў.

У выдавецтве "Каўчэг" выйшла кніга вядомага тэатразнаўцы Гурыя Барышава "Батлейка". У кнізе распавядаецца пра найбольш папулярны ў XVI—XIX стагодзьдзях жанар народнага тэатру, які існаваў у розных варыянтах: лялечным, ценявым і з жывымі акторамі. Той, хто захоча сам паставіць батлейкавы спэктакаль, можа ўзяць з кнігі аўтэнтычныя народныя п'есы.

У віцебскай рэстарацыі "Аўрора" прайшоў прэм'ерны паказ дакумэнтальна-гульнёвага фільму "Зорнае неба Віцебску", які зьняла тэлерэжысэрка Надзея Гаркунова. Карціна распавядае пра багатую гісторыю гораду: атрыманьне Віцебскам Майдэборскага права, першы ў Беларусі трамвай, зруйнаваныя бальшавікамі касьцёлы й цэрквы. У стужцы шмат стылізаваных пад гістарычную хроніку ігравых кадраў.

У сталічным Доме дружбы праходзіць навуковая канфэрэнцыя "Іслaм і абшчына татараў-мусульманаў Беларусі, Літвы й Польшчы на мяжы тысячагодзьдзяў". У імпрэзе, якую наладзіў сябра-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі нацыянальных мяншыняў Ібрагім Канапацкі, бяруць удзел навукоўцы з Эўропы, Афрыкі ды Азіі. Тэксты іхных спавешчаньняў пра культуру беларускіх татараў маюць выйсьці асобнай кнігаю.

На працягу апошняга месяца Беларускі дзяржаўны музычны тэатар страціў больш як палову сваіх артыстаў балету: звольніліся ўжо 22 танцоўшчыкі з 43-х. Артыстам апрыклі мізэрныя заробкі: салісты атрымліваюць па 26 тысячаў "зайцоў", а шараговыя танцоўшчыкі – увогуле па 14 тысячаў. Міністэрства культуры пакуль на гэта ніяк не адрэагавала, хоць пад пагрозаю закрыцьця апынуліся 9 чыста балетных спэктакляў тэатру і шэраг апэрэтаў, якія патрабуюць удзелу прафэсійных танцоўшчыкаў.

Песьні на словы Ўладзімера Караткевіча й Натальлі Арсеньневай прагучалі ў выкананьні хору беларускіх пісьменьнікаў на Ўсходніх могілках Менску. Жалобны канцэрт адбыўся 25 ліпеня, у дзень памяці Арсеньневай і Караткевіча. Кіраваў хорам бард Аляксей Галіч. З прапановы Ўладзімера Арлова літаратары агучылі таксама хвіліну маўчаньня, бо яна "больш зьмястоўная за штогод адны й тыя ж словы смутку".

XS
SM
MD
LG