Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 ліпеня 2000 г.


Дзяржкамдрук вынес папярэджаньне часопісу ARCHE.

Дзяржкамдрук вынес папярэджаньне часопісу ARCHE за ягоны апошні, чацьверты нумар. Што сымбалічна, гэта адбылося 27 ліпеня. Афіцыйная падстава – за зьмену назвы выданьня (гэта быў выпуск аналітычна-крытычнага агляду "ARCHE-Скарына") і за тое, што часопіс распаўсюджваецца таксама па-за межамі Беларусі (у нумары былі зьмешчаныя каардынаты распаўсюднікаў часопісу ў Польшчы, Літве і ўва Ўкраіне).

Галоўны рэдактар выданьня Валерка Булгакаў лічыць папярэджаньне неабгрунтаваным. Што датычыць першага закіду, дык ён спасылаецца на прэцэдэнт "Белорусской Деловой Газеты", якая доўгі час была зарэгістраваная пад назвай "Биржи и банки". Што датычыць другога, дык, кажа ён, ня йдзецца ж пра сталы і шырокі продаж, а пра дастаўку часопіса за межы Беларусі вузкаму колу беларусолягаў і нашых замежных суайчыньнікаў.

Дый увогуле, ARCHE – выданьне інтэлектуальнае, разьлічанае на акадэмічныя і ўнівэрсытэцкія колы чытачоў, з тыражом 1200 асобнікаў. Патрабаваць ад культурнага выданьня выкананьня ўсіх тых правілаў, пад якія падлягаюць камэрцыйныя выданьні – няшчыра, кажуць "архэўцы".

Андрэй Дынько, дырэктар часопіса, занепакоены сынхроннасьцю "мякка-рэпрэсыўных" мераў, прынятых супраць часопіса. Амаль адначасова, кажа ён, Беларускі Дом Друку спыніў ужо пачатае друкаваньне жнівеньскага нумару часопісу, прысьвечанага Адаму Глёбусу, дзяржаўнае кнігагандлёвае аб'яднаньне "Белкніга" пасьля нейкай таямнічай экспэртызы адмовілася прадаваць папярэдні нумар часопіса, прысьвечаны габрэйскай культуры, і вось яшчэ й папярэджаньне.

Выдаўцы часопіса зьвязваюць кампанію ціску з артыкуламі і рэцэнзіямі, зьмешчанымі ў нумары "ARCHE-Скарыны", у прыватнасьці, зь вялікім аналітычным матэрыялам галоўнага рэдактара выданьня, прысьвечаным афіцыёзнай "Беларускай думцы". Ён выйшаў пад назваю "Дэклясаваная эліта". В.Булгакаў не ашчаджае рупар "ідэалягічнай вэртыкалі" і ўсіх тых чыноўнікаў, у тым ліку і дзяржкамдрукаўскіх, што друкуюць там свае малапісьменныя опусы.

Папярэджаньне выдаўцы ARCHE зьбіраюцца абскардзіць у судзе, а друкаваньне – перанесьці ў адну зь менскіх прыватных друкарань.
Яны адзначаюць, што гэта першае ў гісторыі краіны папярэджаньне, вынесенае культурнаму часопісу. "Такім чынам улады ставяць наш часопіс на адну паліцу зь незалежнымі газэтамі, супраць якіх працаваў апарат уціску раней. Нас уважаюць небясьпечнымі. Гэта высокая ацэнка для культурнага праекту", – кажа Валерка Булгакаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG