Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 ліпеня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Сёньня адбылося паседжаньне Рады дырэктароў супольнага прадпрыемства "Форд Юніён". Акцыі прадпрыемства, якія належалі Форду, былі прададзеныя брытанскаму прадпрыемству "Луіс Сандэрсан".

Пра намер выйсьці з прадпрыемства Форд абвесьціў 19 чэрвеня. Аднак чуткі пра тое, што гэтая вядомая фірма спыніць працу ў Беларусі, зьявіліся ўжо даўно. На працягу году кіраўніцтва "Форд Юніён" абвяргала чуткі пра магчымасьць спыненьня вытворчасьці аўтамабіляў Форд у Абчаку.

Аднак было відавочна, што ў гэтага бізнэсу ў Беларусі вялікія праблемы. Прэферэнцыі, спачатку гарантаваныя беларускім кіраўніцтвам, у хуткім часе былі адабраныя. Потым частку зь іх Форд змог вярнуць. Але ўсё роўна ў хуткім часе высьветлілася, што такую колькасьць аўтамабіляў, якую плянавалася вырабляць у Беларусі, няма куды прадаваць. "Форд Юніён" пачаў працаваць пад заказ і вырабляў значна меншую колькасьць аўтамабіляў, чым дазвалялі магутнасьці.

У выніку кіраўніцтва кампаніі было вымушанае спыніць вытворчасьць у Беларусі. Форд наогул вырашыў адмовіцца ад невялікіх заводаў.

У адносінах да беларускага кіраўніцтва кампанія павяла сябе па-джэнтльмэнску. Форд сам знайшоў пераемніка, каб перадаць сваю частку акцыяў. Брытанскае прадпрыемства "Луіс Сандэрсан" будзе вырабляць у Абчаку плястмасавыя дэталі для аўтамабіляў. Кіраўніцтва Форду мае намер набываць гэтыя дэталі. Ня выключана, што "Сандэрсан" зможа прадаваць свае плястмасавыя вырабы і іншым аўтамабільным кампаніям.

Памочнік Лукашэнкі Аляксандар Сазонаў лічыць, што новы праект з "Луіс Сандэрсан" лешы за той, што быў раней – з Фордам. У інтэрвію нашаму радыё Сазонаў паведаміў:

(Сазонаў: ) "Для беларусаў галоўнае, каб былі падатковыя паступленьні, каб завод працаваў. Аўтамабілі, якія вырабляліся тут, пасьля расейскага фінансавага крызысу не маглі прадавацца. Завод ня мог працаваць на поўную магутнасьць. Магчыма, Форд і мог гэтага дамагчыся, але ня хутка. Таму нам значна больш выгадна пачаць працаваць з Фордам у якасьці пастаўшчыкоў камплектацыі. Бізнэс-плян, які распрацавала фірма "Сандэрсан" і абяцаньні Форду набываць камплектуючыя, дазваляюць спадзявацца, што прадпрыемства будзе працаваць на поўную магутнасьць. Мы лічым таксама, што колькасьць працоўных можа павялічыцца са 130 да 500 чалавек".

Распавёў Аляксандар Сазонаў.

XS
SM
MD
LG