Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 ліпеня 2000 г.


Казімер Яноўскі, Гомель

Сёньня судзьдзя ў адміністрацыйных справах Яраслаў Парэмскі з Цэнтральнага суду Гомелю прысудзіў да розных тэрмінаў зьняволеньня прыхільнікаў «Народнае Грамады» Кацярыну Гаравую ды Ігара Раманава – за правядзеньне 27 ліпеня, у Дзень Незалежнасьці, пікету ля будынку абласнога выканкаму.

Паводле выраку судзьдзі Парэмскага, сябра Сацыял-Дэмакратычнае партыі «Народная Грамада» Кацярына Гаравая павінна правесьці ў ізалятары часовага ўтрыманьня пяць сутак, а Ігар Раманаў, прыхільнік гэтае партыі, – ажно сем.

Такі жорсткі вырак судзьдзя прыняў, улічваючы тое, што Ігар і Кацярына –непрацуючыя і ня змогуць выплаціць нават мінімальны штраф за правядзеньне пікету. А раз так, дык месца маладым людзям – за кратамі.

У судзе, дзе разглядалася міліцэйскія пратаколы пра правядзеньне несанкцыянавага пікету, спадары Раманаў і Гаравая засьведчылі, што сьвядома зарганізавалі пікет ля будынку абласнога «вэртыкальнага» воргану. Ігар трымаў плякат «Не – фашызму ў Беларусі!», Кацярына – «Зь Днём Незалежнасьці!».

Канстытуцыя 94-га году дае права грамадзянам свабодна выяўляць свае думкі й меркаваньні, арганізоўваць мітынгі й пікеты. Тым ня менш, гарадзкія ўлады не дазваляюць апазыцыі праводзіць аніякія акцыі ў цэнтры гораду, а адсылаюць на ўскрайкі – далей ад людзкіх вачэй. У прыватнасьці, на стадыён «Прамень» або да палацу Таварыства глухіх, падыходы да якога небясьпечныя з-за разрытай цеплатрасы. Таму пікет Гаравой і Раманава ля будынку абласнога выканкаму быў адначасна і пратэстам супраць заганнае практыкі гарадзкіх уладаў.

Ужо пасьля суду папрасіў Ігара Раманава патлумацыць, чаму менавіта на Дзень Незалежнасьці ён вырашыў ісьці на пікет з плякатам «Не – фашызму ў Беларусі!»:

(Раманаў: ) "Гэта пратэст супраць пашырэньня ў Беларусі расейскіх нацыяналістычных груповак фашыстоўскага кшталту, напрыклад, РНЕ – якое, я так разумею, больш прыемнае для ўладаў, чым, уласна кажучы, нейкія беларускія суполкі – абсалютна легальныя".

А вось думка адносна выраку судзьдзі Парэмскага Кацярыны Гаравой:

"Я лічу, што гэтае рашэньне суду неапраўданае, я лічу, што яно незаконнае. Я лічу, што гэты суд ня быў справядлівым судом, бо ў нашай дзяржаве няма аніякай законнасьці. Што тычыцца асабіста мяне, я для сябе ад іх літасьці не чакала. Яны ведаюць, што я буду змагацца за Беларусь, за незалежнасьць, за свабоду да апошняга свайго дня, да скону".

Гаварыла Кацярына Гаравая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG