Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 ліпеня 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Нясьвіж

Сёньня судзьдзя Нясьвіскага райсуду Вячаслаў Янчэўскі прызнаў незаконнымі дзеяньні чыноўнікаў, якія не дазволілі групе грамадзянаў зь ліку сябраў Кансэрватыўна-Хрысціянскае партыі БНФ правесьці сёлета 25 сакавіка ў Нясьвіжы пікет у гонар Дня Волі.

Факты пастаянных неабгрунтаваных адмоваў з боку адміністрацыі раёну прадстаўнікам палітычных і грамадзкіх арганізацыяў на правядзеньне акцыяў сталі відавочнымі нават для судзьдзі. Так, летась райвыканкам пад надуманымі, як высьветлілася, нагодамі забараніў маладафронтаўцам і народнафронтаўцам праводзіць пікетаваньне ў гонар чарговых угодкаў Грунвальдзкай бітвы, а таксама мітынг у Дзень Незалежнасьці.

Судзьдзя Янчэўскі наўпрост сёньня зьвярнуўся да прысутнага ў судовай залі намесьніка старшыні выканкаму Лажкарова: маўляў, столькі разоў прасіла ў сваіх афіцыйных допісах вабласная ўправа юстыцыі не парушаць закон аб сходах і мітынгах, але выканкам усё адно ігнаруе гэты закон. У адказ Лажкароў паабяцаў шукаць з мясцовымі прадстаўнікамі апазыцыі кансэнсус, спаслаўся на тое, што ён сам зусім нядаўна заняў у гэтай уладнай структуры сваю пасаду.

Як выказваліся пасьля прысутныя на працэсе сябры Кансэрватыўна –Хрысьціянскай партыі БНФ, яны даўно ня бачылі, каб перад судом апраўдваўся адзін з кіраўнікоў раёну.

Праўда, судзьдзя Янчэўскі не задаволіў матэрыяльную частку зыску старшыні раённай рады Кансэрватыўна-Хрысціянскае партыі БНФ Алеся Язьвінскага і ягонага аднадумцы Барыса Янцэвіча – на выплату 30 тысячаў рублёў за нанесеную ім маральную шкоду.

Юрыст Блашкевіч, які на судовым працэсе прадстаўляў інтарэсы райвыканкаму, здолеў пераканаць судзьдзю, што гэтая бюджэтная арганізацыя ня вельмі багатая на грошы.

Паводле Алеся Язьвінскага, мяйсцовыя ўлады і насамрэч апошнім часам зьмянілі свае адносіны да заявак на пікеты прадстаўнікоў апазыцыі. І нават дазволілі правесьці ў гонар Дня Незалежнасьці дзьве акцыі – 23 і 27 ліпеня.

Гэткія мэтамарфозы выканкаму кіраўнік раённай арганізацыі народнафронтаўцаў зьвязвае з маючымі адбыцца выбарамі ў так званы Нацыянальны сход і пастаяннымі папрокамі ўсясьветнай і эўрапейскай грамадзкасьці на адрас Аляксандра Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG