Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 ліпеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

У Беларусі працягваецца ціск на прафсаюзы і іхных лідэраў. Сёньня старшыня суполкі прадпрымальніцкага прафсаюзу "Садружнасьць" Алена Палідавец была пазбаўленая працы на Менскім аўтарынку.

Алене Палідавец адміністрацыя сталічнага аўтарынку накіравала пісьмовае паведамленне пра тое, што спыняе зь ёю арэндныя дамоўленасьці з 1 жніўня на той падставе, што прадставіць тут арэнднае месца нібыта няма магчымасьцяў. Што хаваецца пад фармулёўкай "няма магчымасьцяў"—у дакумэнце не тлумачыцца. Але для самой Алены тут сакрэту няма. Камэнтуючы нашаму радыё гэты крок адміністрацыі, яна паведаміла:

(Палідавец: ) "Перасьлед прафсаюзных лідэраў. Адмовілі ў арэндзе без якога б ні было тлумачэньня прычынаў. Ідзе перасьлед, запалохваньне. Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя прыёмы. Найперш, выклікаюць кантралёраў для падатковых праверак. Скарыстоўваюцца і пажарнікі. Пажарнікаў ужо насылалі",—паведаміла Алена.

Зрэшты, пры неафіцыйных зносінах прадстаўнікі адміністрацыі прыгадалі прыватнай прадпрымальніцы вясновыя падзеі на аўтарынку. Падзеі, зьвязаныя з намерам адміністрацыі павялічыць арэндную плату. Гэтыя пляны кіраўніцтва рынку вельмі абурылі мясцовых прадпрымальнікаў. Суполка іхнага прафсаюзу "Садружнасьць" выступіла тады з пратэстам. Каб абараніць інтарэсы дробных гандляроў, старшыня суполкі Алена Палідавец прапанавала распачаць страйк. Масавая акцыя пратэсту прадпрымальнікаў прымусіла адміністрацыю рынку адмовіцца ад сваіх плянаў.

Няма сумневу, што кіраўніцтва аўтарынку ўбачыла ў прафсаюзе шкодную для сябе структуру. Чаму менавіта зараз адміністрацыя вырашыла расквітацца з Аленай Палідавец?

Як лічаць лідэры прафсаюзу "Садружнасьць" Кацярына Навумовіч і Мая Сінайская, адміністрацыя аўтарынку вырашыла скарыстаць спрыяльнае для сваіх дзеяньняў становішча ў краіне. Гэтае становішча стала наступствам антыпрафсаюзнай палітыкі ўладаў. Аляксандр Лукашэнка і ягонае атачэньне, якія ініцыявалі апошнім часам адкрытае ўмяшанне ворганаў кіраваньня ў прафсаюзныя справы, падалі сыгнал да расправы над прафсаюзнымі лідэрамі. Алена Палідавец, паводле словаў кіраўнікоў "Садружнасьці", якраз і стала адной з ахвяраў такой палітыкі.

XS
SM
MD
LG