Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 31 ліпеня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

(эфір 29 ліпеня)
Значэньне прынятага Акту незалежнасьці камэнтуюць удзельнікі Ўсебеларускага зьезду.

(Голас:) "Акт незалежнасьці прыняты! Віншую вас усіх"

(Галасы: )"Жыве Беларусь!"

Менавіта такімі воклічамі віталі дэлегаты зьезду прыняцьцё Акту Незалежнасьці. Для гісторыкаў зазначым, што канчатковае галасаваньне за тэкст гэтага дакумэнта адбылося а 16:20. І сапраўды, у многіх прысутных, паводле іхных прызнаньняў, было адчуваньне, што яны бяруць удзел у гістарычнай падзеі.

"Незалежнасьць Беларусі зьяўляецца набыткам ня толькі сёньняшняга пакаленьня, але й нашых продкаў і нашчадкаў. Сувэрэнітэт краіны ня можа быць абмежаваны або скасаваны праз рашэньні вышэйшых дзяржаўных асобаў і ворганаў і нават праз рэфэрэндум", – гэта, бадай, адныя з самых галоўных словаў прынятага акту.

Адзін з дэлегатаў зьезду – Станіслаў Шушкевіч – першы старшыня Вярхоўнага Савету незалежнае Беларусі. Магчыма, ягонае меркаваньне ў такі дзень уяўляецца асабліва цікавым.

(Шушкевіч: ) "На маю думку, значэньне гэтага зьезду, перш за ўсё, у тым, што ён сканцэнтраваў увагу ўсіх на адным пытаньні, самым галоўным. Гэта вельмі важна ва ўсіх сфэрах дзейнасьці, і, перш за ўсё, палітычнай. Мне здаецца, энтузіязм людзей на месцах уздыме гэтае мерапрыемства."

(Кар.: ) "А як можа зьмяніцца палітычны сцэнар разьвіцьця падзеяў пасьля прыняцьця гэтага Акту?"

(Шушкевіч: ) "Я думаю, што ня ўлічваць гэта немагчыма, і таму гэта абавязкова будзе ўлічана. Акрамя гэтага, зварот да зьезду такога паважанага ўсім сьветам чалавека, як Гавал – значна вышэйшы, чым можна было чакаць. Я вельмі гэтым задаволены, думаю, што гэта абавязкова будзе мець уплыў. Акрамя таго, прыняты акт – сбалянсаваны, прыняты ён спакойна, бяз выбрыкаў, і гэта вельмі добра."

(Кар.: ) "Вашае адчуваньне: сёньня гістарычная падзея?"

(Шушкевіч: ) "Я адчуваю іншае: што творчая інтэлігэнцыя, якая зьявілася ініцыятаркай гэтага зьезду, навучылася працаваць у галіне палітыкі, і працуе дакладна і сумленна. Палітычная кваліфікацыя нашай творчай эліты вельмі і вельмі ўзрасла."

Трэба сказаць, што бальшыня лідэраў палітычных партыяў ад самога пачатку ўспрымалі ідэю Ўсебеларускага зьезду даволі спакойна, калі не сказаць – скэптычна. Старшыня Беларускай Сацыял-Дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" Мікола Статкевіч лічыць, што Акт незалежнасьці мае найперш маральнае значэньне:

(Статкевіч: ) "Я думаю, гэта перш за ўсё падзея, якая мае вялікі маральны сэнс. І гэта вельмі добра, што арганізатарамі акцыі былі найперш асобы непалітычныя: прадстаўнікі інтэлігэнцыі, навуковага сьвету, знакавыя асобы. Цяжка спадзявацца, што палітычныя падзеі пасьля гэтага зьезду пойдуць іншым шляхам, але вялікае маральнае значэньне гэтай акцыі – бясспрэчнае."

(Кар.: ) "Але ці можна чакаць, што гэтая акцыя паўплывае на паводзіны ўладаў, ці яна будзе мець сэнс толькі маральнага ціску?"

(Статкевіч: ) "Я думаю, найперш маральны ўплыў. Гэта будзе мець і нейкае больш канкрэтнае значэньне, таму што гэта – дэманстрацыя волі нашага народу да незалежнасьці. І, безумоўна, іншыя краіны мусяць улічваць гэты фактар."

Аднак сустаршыня аргкамітэту зьезду паэт Генадзь Бураўкін упэўнены, што зьезд мае ня толькі маральнае гучаньне, ягоны сэнс сягае значна далей.

(Бураўкін: ) "Я думаю, ня толькі маральнае. На маю думку, ён непазьбежна будзе мець уплыў: які – гэта ўжо іншая справа, я не магу казаць вельмі канкрэтна. Але для тых партыяў, прадстаўнікі якіх удзельнічалі ў зьезьдзе, гэта – палітычны дакумэнт на доўгі час. Для інтэлігэнцыі, з чыёй ініцыятывы быў зьезд сабраны – гэта таксама дакумэнт на доўгі час. Таму я лічу, што ён, безумоўна, паўплывае на нашае палітычнае жыцьцё: і бліжэйшым часам, і надалей."

XS
SM
MD
LG