Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 31 ліпеня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

Кіраўніцтва Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі распаўсюдзіла заяву, у якой сцьвярджаецца, што рыхтуецца акцыя фізычнага зньшчэньня лідэра беларускіх ліберал-дэмакратаў Сяргея Гайдукевіча.

Лібэрал-дэмакраты не зьвярнуліся з гэтай нагоды ў праваахоўчыя ворганы, а распаўсюдзілі заяву па замежных амбасадах і беларускіх сродках масавай інфармацыі, а таксама накіравалі яе ў Кансультатыўна-назіральную групу АБСЕ. Беларускія лібэрал-дэмакраты просяць не лічыць гэтую заяву рэклямным трукам ці наступствам маніі перасьледу.

"Мы ня ведаем, хто зацікаўлены ў ліквідацыі Сяргея Гайдукевіча, – гаворыцца ў заяве. – Але паведамляем усім, што Гайдукевіч вельмі акуратна кіруе цалкам спраўным аўтамабілем, ня мае пазыкаў і нявыкананых абавязкаў і не зьбіраецца пакідаць межы Рэспублікі Беларусь. І таму любыя выпадковасьці, што могуць зьявіцца ў блізкім часе, трэба лічыць толькі добра сплянаванай акцыяй, якую замовілі. "

Як распавёў карэспандэнту радыё "Свабода" спадар Гайдукевіч, з-за пагрозы зьнішчэньня ў яго было шмат непрыемнасьцяў.

(Гайдукевіч: ) "Я ня змог на Ўсебеларускі зьезд прыехаць. Я павінен быў выступаць. Практычна нашыя машыны даехалі толькі да кальцавой дарогі, таму што віселі "хвасты". Гэта было проста немагчыма. Але нас ня так проста спыніць. Я нікуды ня зьеду. Маўчаць мае людзі не захацелі, бо гэта быў ужо ня першы выпадак. Я доўга прымаў рашэньне, калі зьбіраліся Вышэйшая Рада і Цэнтральны камітэт партыі. Больш за ўсё я хваляваўся, што нашу заяву пачнуць разглядаць як рэклямны трук перад выбарамі. Зараз уся партыя будзе рабіць так, каб усё было нармальна.

Паверце, проста так мы сябе ім у рукі не дамо. У іх са мной нічога не атрымаецца. Я застануся тут".

(Кар.: ) "Ці звярталіся Вы ў праваахоўчыя ворганы?"

(Гайдукевіч: ) "Я не падаваў ні ў пракуратуру, ні ў міліцыю."

Як сцьвярждае сябра Вышэйшай Рады партыі спадар Карунас, гэта ўжо чацьвёрты, так бы мовіць, "напад" на Гайдукевіча. Два гады таму аўтамабіль лідэра беларускіх лібэрал-дэмакратаў спынілі каля офісу партыі і зьбілі яго ахову. Было яшчэ некалькі падобных захадаў. Год таму жонка Гайдукевіча пісала заяву на імя Лукашэнкі і патрабавала абараніць ейнага мужа, але адказу не атрымала.

У ЛДП ёсьць свой аддзел аховы, побач з Сяргеем Гайдукевічам заўсёды знаходзяцца ўласны ахоўнік і кіроўца. Але, як лічаць сябры ЛДП, калі на Гайдукевіча сапраўды палююць, ахова ня здолее дапамагчы.

Варта нагадаць, што беларускія лібэрал-дэмакраты маюць намер удзельнічаць у восеньскіх парляманцкіх выбарах і выставяць сваіх кандыдатаў ва ўсіх 110 выбарчых акругах. Канчатковае рашэньне пра ўдзел у выбарах будзе прынятае на партыйным зьездзе ў жніўні. Спадар Гайдукевіч таксама не хавае сваіх плянаў удзелу і ў выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

XS
SM
MD
LG