Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 ліпеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі. Менск

Кіраўніцтва сацыял-дэмакратычнай "Народнай Грамады" ня будзе забараняць сябрам сваёй партыі ўдзельнічаць у восеньскіх выбарах, калі іх вылучаць групы грамадзянаў ці працоўныя калектывы.

На думку лідэраў сацыял-дэмакратаў, падобная забарона была б парушэньнем асноўных правоў і свабодаў чалавека. Разам з тым, сама партыя будзе ўдзельнічаць у выбарах толькі ў выпадку выкананьня ўладамі чатырох вядомых патрабаваньняў.

Такое рашэньне прынялі сябры Цэнтральнага камітэту "Народнай Грамады" на сваім паседжаньні ўчора. Падставай сталі неаднаразовыя звароты да кіраўніцтва партыі шэраговых актывістаў з прозьбай дазволіць ім удзельнічаць у выбарах у г.зв. "Палату прадстаўнікоў". Паводле некаторых зьвестак, некалькі прадстаўнікоў "Народнай Грамады" з рэгіёнаў маюць намер ісьці на выбары ў якасьці незалежных кандыдатаў.

У пункце рэзалюцыі ЦК "Народнай Грамады", як датычыць удзелу асобных яе сябраў у выбарах, адзначаецца, што "дзеяньні кіраўнічых ворганаў партыі як у пэрыяд выбарчай кампаніі, так і ва ўсёй штодзённай дзейнасьці ня могуць супярэчыць нормам міжнароднага права, Канстытуцыі й законам Рэспублікі Беларусь". Вось як пракамэнтаваў гэтае рашэньне партыйнага кіраўніцтва лідэр "Народнай Грамады" Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) "Калі нейкі сябра партыі дасьць згоду на вылучэньне яго працоўным калектывам або групай выбаршчакаў, то гэта ніякім чынам ня будзе спрыяць легітымізацыі выбараў. Пра гэта заявіў у Палаце Абшчынаў Велікабрытаніі намесьнік Міністра замежных справаў гэтай краіны. Тыя самыя заявы зрабілі прадстаўнікі Нямеччыны і Амэрыкі."

На думку кіраўніка БСДП, рэзалюцыя ніякім чынам не супярэчыць рашэньням Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Бо агучаная ў часе Кангрэсу прапанова Станіслава Шушкевіча пра забарону сябрам апазыцыйных партыяў удзельнічаць у выбарах ёсьць усяго толькі заклікам, і выконваць яго сацыял-дэмакраты абавязку ня маюць.

Разам з тым, у сваёй рэзалюцыі кіраўніцтва "Народнай Грамады" заяўляе, што да таго часу, пакуль улады ня выканаюць чатыры патрабаваньні апазыцыі і міжнароднай супольнасьці, БСДП у выбарах удзельнічаць ня будзе. Калі ж улады пойдуць на саступкі, сацыял-дэмакраты прымуць канчатковае рашэньне пра ўдзел у выбарах на другой сэсіі свайго зьезду, якая павінна прайсьці не пазьней 5 верасьня.

Рашэньне ЦК БСДП не было падтрыманае прадстаўнікамі іншых партыяў, што ўваходзяць у аб'яднаную апазыцыю. Сёньня ў Менску прайшло паседжаньне Каардынацыйнай Рады дэмакратычных сілаў, у часе якога амаль усе сябры Рады пацьвердзілі ранейшую пазыцыю – прадстаўнікі іхных партыяў у выбарах удзелу не бяруць.

Старшыня сёньняшняга паседжаньня, лідэр АГП Анатоль Лябедзька лічыць рэзалюцыю сацыял-дэмакратаў невыкананьнем рашэньня Кангрэса дэмсілаў. На ягоную думку, такое рашэньне кіраўніцтва "Народнай Грамады" можа прывесьці да таго, што заходнія краіны прышлюць на восеньскія выбары назіральнікаў і прызнаюць урэшце вынікі выбараў.

Падобнага меркаваньня прытрымліваюцца і іншыя сябры Каардынацыйнай рРды. Тым ня менш, Анатоль Лябедзька сьцьвярджае, што расколу ў шэрагах апазыцыі пакуль не адбылося, і ён ды іншыя лідэры дэмакратаў зробяць усё, каб захаваць адзінства апазыцыйных сілаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG