Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 31 ліпеня 2000 г.


Юры Сьвiрко, Менск

Панядзелак стаў апошнiм днём фармаваньня рэгiянальных выбарчых камiсiяў дзеля выбараў у Палату прадстаўнiкоў. Цi ёсьць у складзе гэтых ворганаў прадстаўнiкi апазыцыйных партыяў?

Адказу на гэтае пытаньне пакуль што ня ведаюць анi ў Цэнтрвыбаркаме, анi ў Каардынацыйнай Радзе дэмакратычных сiлаў.

Каб даведацца пра асабовы склад акруговых выбарчых камiсiяў, я патэлефанаваў у Цэнтральную камiсiю выбараў i правядзеньня рэспублiканскiх рэфэрэндумаў – ейнайстаршынi Лiдзii Ярмошынай. На месцы была толькi сакратарка, якая адмовiлася назваць сваё прозьвiшча, але ўсё ж распавяла, што робiцца зараз у Цэнтрвыбаркаме.

(Сакратарка: ) "Мы яшчэ не атрымалi рашэньняў аблвыканкамаў пра арганiзацыю. Мы ня маем зьвестак, нам яшчэ не даслалi рашэньняў пра стварэньне, я ня ведаю, хто вам пра гэта сказаў. Мабыць, вы наўпрост зьвязвалiся з аблвыканкамамi, яны вам сказалi, што яны сфармавалi…"

Сакратарка прыёмнай Цэнтарвыбаркаму паведамiла, што да ранiцы аўторка ўсе зьвесткi з рэгiёнаў будуць у Менску, i Лiдзiя Ярмошына правядзе ўдзень прэсавую канфэрэнцыю з нагоды заканчэньня фармаваньня выбарчых камiсiяў.

Тую ж тэму абмяркоўвала сёньня Каардынацыйная Рада апазыцыйных палiтычных партыяў. Перад пачаткам паседжаньня Рады ў штаб-кватэры Аб'яднанае грамадзянскае партыi яе старшыня Анатоль Лябедзька заявiў, што ягоная партыя прытрымлiваецца ранейшай пазыцыi.

(Лябедзька) "Мы абмяркоўвалi пытаньне – адносiны да так званых парляманцкiх выбараў сёлета i прэзiдэнцкiх выбараў. I ў нас толькi тры чалавекi з 24 членаў палiтрады выказалiся ў рознай – мяккай альбо жорсткай – форме за ўдзел у так званых выбарах. На палiтрадзе прадстаўнiкi i кiраўнiкi рэгiянальных структураў даклалi сытуацыю, i ў нас на сёньняшнi дзень няма праблемы, як партыйнай – удзел цi няўдзел у так званых выбарах."

Паводле словаў Анатоля Лябедзькі, у структурах Аб'яднанае грамадзянскае партыi былі праведзеныя папярэдняе апытаньне ды рэгiянальныя сходы, якiя высьветлiлi, што 90 адсоткаў шэраговых сяброў партыi выступаюць катэгарычна супраць удзелу ў псэўдавыбарах. Натуральна, партыя ня будзе вылучаць сваiх прадстаўнiкоў у склад выбарчых камiсiяў, падкрэслiў спадар Лябедзька. Хоць ён не выключае, што ў прыватным парадку некаторыя сябры АГП празь iншыя грамадзкiя арганiзацыi могуць трапiць у гэтыя камiсii, але абсалютна аўтананомна ад партыi.

Што да астатнiх партыяў з Каардынацыйнае Рады дэмакратычных сiлаў, дык Анатоль Лябедзька паведамiў.

(Лябедзька: ) "Ёсьць розная iнфармацыя. Натуральна, што для нас – напрыклад, АГП – недапушчальны такi сцэнар, калi публiчна заяўляецца адна пазыцыя, а паралельна iдзе падрыхтоўка кандыдатаў праз збор подпiсаў i гэтак далей, iдуць нейкiя статусныя людзi. Абсалютна натуральна, што гэта ня ўвязваецца са сцэнарам актыўнага байкоту, якi, напрыклад, Грамадзянская партыя падтрымоўвае цалкам. Тактыка i сцэнар актыўнага байкоту можа мець пэўны шанец толькi тады, калi да яго далучаныя ўсе апазiцыйныя дэмакратычныя сiлы."

У iншым выпадку, на думку Анатоля Лябедзькі, байкот выбараў будзе сарваны, а верагоднасьць прызнаньня гэтых выбараў значна ўзрастае. Пэрспэктываю можа стаць параза дэмакратычных сiлаў.

XS
SM
MD
LG