Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 ліпеня 2000 г.


(Эфір 29 ліпеня)
Напярэдадні прыезду ў Менск парляманцкай дэлегацыі Рады Эўропы Цырыл Свобада даў інтэрвію радыё "Свабода".

(Кар.: ) "На чым будзе сканцэнтраваная Ваша ўвага ў часе візыту ў Менск?"

(Свобада: ) "Наша задача – высьветліць, наколькі, вядома, магчыма цягам кароткага побыту – у якой ступені выконваюцца ўсе крытэрыі Эўрапейскай хартыі правоў чалавека – бо гэтым дакумэнтам мусіць кіравацца кожная дзяржава пры ўступленьні ў Эўрапейскі Зьвяз, Раду Эўропы . Перадусім гаворка ідзе пра Раду Эўропы, а Беларусь хоча быць сябрам Рады Эўропы".

(Кар.: ) "Беларускае кіраўніцтва, між тым, сьцвярджае, што, напрыклад, выбарчае заканаўства краіны цалкам дэмакратычнае і адпавядае ўсім стандартам."

(Свобада: ) "Я таксама маю вопыт стасункаў з рэжымам, які ня быў цалкам дэмакратычным: значную частку жыцьця я пражыў пры сацыялізме і ведаю тыя аргумэнты, якія ўжываюцца, як спасылаюцца на літару закона. Але нам перш за ўсё важна, каб напоўніўся яго дух. Гэта той сыгнал, які мы мусім даць."

(Кар.: ) "Вы мяркуеце, беларускія ўлады могуць адрэагаваць на гэты сыгнал? Ці верагодна, што эўрапейскія пажаданьні і заўвагі да выбарчага заканадаўства могуць быць улічаныя яшчэ да гэтых восеньскіх выбараў?"

(Свобада: ) "Гэтае пытаньне не да мяне, гэта справа беларускіх уладаў і заканадаўцаў нешта мяняць. Мы можам толькі зьвярнуць увагу на тое, што той ці іншы закон не адпавядае Эўрапейскай хартыі правоў чалавека, і калі выбары будуць праведзеныя паводле такога закону, то яны ня могуць быць прызнаныя адпаведнымі эўрапейскім стандартам. Гэта той адказ, які могуць у Беларусі атрымаць."

(Кар.: ) "Лукашэнка напярэдадні візыту вашай дэлегацыі заявіў, што назіральнікі з 20 краінаў ужо выказалі гатоўнасьць прыехаць на выбары ў Беларусь, і што нават калі не прыедуць прадстаўнікі Эўрапейскага зьвязу ці ЗША, то выбары ўсё роўна будуць прызнанымі. Што вы скажаце наконт гэтага?"

(Свобада: ) "Паводле майго меркаваньня, там неабходныя назіральнікі як Рады Эўропы, так і Эўрапейскага Зьвязу. Таму што калі Беларусь абвяшчае сябе эўрапейскай дзяржавай, дык мусіць адпавядаць стандартам і спосабу паводзінаў, якія ёсьць нормай паводзінаў, нормай ўжываньня права і палітычнай сыстэмы ў Эўропе. Гэта проста бясспрэчна. І гэта азначае, што нікога не задаволіць, што будуць прысутныя назіральнікі з 20 краінаў – скажам, пазваныя з Афрыкі ці Далёкага Ўсходу. Перадусім важнае прадстаўніцтва Рада Эўропы і Эўрапейскага Зьвязу."

(Кар.: ) "Як вы ставіцеся да намеру беларускай апазыцыі ня браць удзелу ў выбарах?"

(Свобада: ) "Гэта пытаньне, пра якое з апазыцыяй таксама трэба гаварыць. Але ў кожным выпадку мяркую, што чым надаць сваім удзелам легітымнасьць выбарам, якія недэмакратычныя, не адпавядаюць эўрапейскім стандартам, дык лепш у іх, вядома, ня ўдзельнічаць. Бо як толькі вы ў такім працэсе возьмеце ўдзел, дык яго легітымізуеце і будзеце падвяргацца крытыцы за тое, што ў гэтых выбарах удзельнічалі і што на аснове гэтых выбараў маеце таксама прадстаўніка ў парляменце – пры тым, што гэта будуць прадстаўнікі, якія асабліва ня змогуць нічога вырашаць, бо іх там будзе вельмі мала."

(Кар.: ) "Сп.Свобада, мы маем інфармацыю, што ваша дэлегацыя мае намер сустрэцца ў Беларусі з асобамі, якія прызнаныя палітычнымі вязьнямі. Ці можаце вы назваць гэтых асобаў?"

(Свобада: ) "Цяпер, на жаль, вам гэтыя імёны не назаву, таму што я атрымаю ўдакладненую праграму пазьней сёньня, цяпер я яшчэ ня ў Празе. Учора я гаварыў з нашым шарж-д'афэрам у Менску, з арганізатарамі нашага візыту, тыя яшчэ павінны даслаць удакладненую праграму."

(Кар.: ) "Але ці ёсьць папярэдняя згода беларускіх уладаў, што Вы можаце наведаць турмы?"

(Свобада: ) "У той папярэдняй праграме, якую маю я, ніякае наведаньне вязьніцы не заплянаванае."

З Цырылам Свобадам гутарыла
Алена Ціхановіч

XS
SM
MD
LG