Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 ліпеня 2000 г.


Мікола Іваноў

Паводле пастановы югаслаўскага парлямэнту, 24 верасьня ў краіне павінны адбыцца адначасна парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары. Раней гэты самы парлямэнт зьмяніў канстытуцыю краіны такім чынам, што цяпер прэзыдэнт Слабадан Мілошавіч можа яшчэ двойчы быць кандыдатам на пасаду прэзыдэнта. Знагоды гэтага некалькі прадстаўнікоў югаслаўскай апазыцыі накіраваліся ў ЗША і выступілі на паседжаньні Камісіі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе, якую называюць таксама Гельсынскай камісіяй.

Галоўнае, аб чым заявілі прадстаўнікі сэрбскай апазыцыі на пасяджэньні Гельсынскай камісіі, гэта тое, што ня будзе нічога дзіўнага, калі Мілошавіч яшчэ 8 наступных гадоў будзе кіраваць фэдэрацыяй Сэрбіі і Чарнагорыі. Раней югаслаўская канстытуцыя дазваляла Мілошавічу знаходзіцца на пасадзе прэзыдэнта толькі адзін 4-гадовы тэрмін.

Апазыцыянэры аднадушна падкрэсьлілі, што апазыцыя сёньня нагэтулькі падзеленая, што яна ня ў стане будзе пазбавіць Мілошавіча ўлады на верасьнёўскіх выбарах.

Стоян Геравіч, незалежны журналіст, які працуе ў амэрыканскім Інстытуце Міру заявіў Гельсынскай камісіі ў Вашынгтоне:

"Праблема Мілошавіча рэальная, ён хоча выжыць, ён хоча выйграць выбары, і ён робіць усё магчымае дзеля стварэньня такой атмасфэры, каб быць у стане зрабіць гэта".

Іншы экспэрт Богдан Іванісавіч, супрацоўнік арганізацыі Human Rights Watch, сьцьвердзіў, аднак, што ў дадзены момант Мілошавіч і ягоная партыя не карыстаюцца падтрымкай бальшыні выбаршчыкаў ні ў Сэрбіі, ні ў Чарнагорыі:

"Упершыню небспека для ўладаў страціць уладу ў выніку выбараў рэальная"

З Іванісавічам згадзіўся Геравіч, але падкрэсьліў, што ў гэтым выпадку супроць уладаў павінна выступіць аб'яднаная апазыцыя:.

"Паводле вынікаў апытаньня грамадзкай думкі, падтрымка для Мілошавіча і ягонай партыі ўвесь час скарачаецца, і калі апазыцыйныя партыі выступяць адзіным фронтам, ў дадзены момант яны могуць разлічваць на перамогу".

Геравіч адзначыў, што цяпер няма сьведчаньняў гатовасьці апазыцыі працаваць разам. З ім згадзіліся і іншыя ўдзельнікі дыскусіі. Браніслаў Канак, старшыня сэрбскага незалежнага прафсаюзнага аб'яднаньня "Незалежнасць" адзначыў:

"Нам неабходная адна вельмі важная перадумова – гэта аб'яднаная апазыцыя. Калі яна застанецца разьяднаная напярэдадні выбараў, у людзей увогуле ня будзе матывацыі ісьці на выбары. Навошта ім ісьці на выбары, калі ня будзе рэальнай прычыны".

У дыскусіі ў Гэльсынскай камісіі прыняў удзел і адзіны афіцыйны прадстаўнік Югаславіі ў ЗША. Гэта кіраўнік гандлёвай місіі Чарнагорыі ў ЗША Давід Дасыч. Ён выказаў думку, што апошнія канстытуцыйныя зьмены ў Югаславіі могуць мець вельмі нэгатыўныя наступствы для далейшага лёсу фэдэрацыі:

"Наступствы апошніх зьменаў маюць дэструктыўны ўплыў на Чарнагорыю. Чарнагорыя больш ня будзе зьяўляцца раўнапраўным сябрам фэдэрацыі. Практычна прадстаўнік Чарнагорыі ніколі ня будзе ў стане стаць прэзыдэнтам Югаславіі".

Выступоўцы на слуханьнях у Гэльсынскай камісіі таксама падкрэсьлівалі, што ўрад прэзыдэнта Мілошавіча стала парушае правы чалавека. Шырока выкарыстоўваецца запалохваньне палітычных праціўнікаў, перасьлед незалежных сродкаў масавай інфармацыі, зьбіцьцё антыўрадавых дэманстрантаў і т.п.

Адзін з удзельнікаў дыскусіі (Іванісавіч) таксама заклікаў ўлады ЗША, каб тыя зьвярнуліся да Расеі з просьбай выкарыстаць свой уплыў на Мілошавіча і такім чынам паспрыяць паляпшэньню сытуацыі ў галіне правоў чалавека ў Югаславіі.

Прыгадаем, што сёньня ў Бялградзе адбываецца надзвычайны зьезд кіруючай партыі Югаславіі – Сацыялістычнай (былой камуністычнай). Чакаецца, што на зьездзе будзе вызначаная перадвыбарчая тактыка сацыялістаў, а таксама партыйным кандыдатам на пасаду прэзыдэнта будзе прызначаны цяперашні прэзыдэнт Слабадан Мілошавіч.

XS
SM
MD
LG