Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 ліпеня 2000 г.


Мікола Іваноў

Крыху больш за год прайшло з таго часу як Вайра Віке-Фрэйберга была абраная латыскім парлямэнтам на прэзыдэнта сваёй краіны. Для бальшыні латышоў гэты выбар сымбалізаваў выразны крок у кірунку інтэграцыі Латвіі з дэмакратычным сьветам, крок на шляху станаўленьня цывілізаванага грамадзтва. Сёньня прэзыдэнт Латвіі была госьцем нашага Радыё.

Больш за 50 год Вайра Віке-Фрэйберга вымушаная была жыць далёка ад сваёй Бацькаўшчыны, на эміграцыі ў Канадзе. Але яе вяртаньне і выбар на самую высокую дзяржаўную пасаду – гэта сымбаль новага часу, сымбаль адзінства латыскага народу, яднаньня паміж тымі, хто вымушаны быў пакінуць Бацькаўшчыну пад пагрозай чырвонага тэрору, і тымі, хто застаўся на бацькаўшчыне.

Прэзыдэнт Віке-Фрайбэрга – вядомы ў сьвеце прафэсар-псыхоляг, яна гаворыць на 5 замежных мовах. Доўгія гады яна ўзначальвала Асацыяцыю канадыйскіх псыхолягаў і Фэдэрацыю навукоўцаў у галіне сацыяльных навукаў.

Пасьля вяртаньня на Бацькаўшчыну ў 1998 годзе яна стварыла і стала першым дырэктарам Інстытута дзеля папулярызацыі латыскай справы ў сьвеце. І вось цяпер яна першая ў гісторыі Латвіі жанчына-прэзыдэнт.

На прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася толькі што ў будынку нашага радыё, Вайра Віке-Фрайбэрга заявіла наступнае:

(Фрэйбэргэ: ) "Мяркую, што адна з галоўных прычынаў краху савецкай імпэрыі была наяўнасьць іншых крыніцаў інфармацыі, акрамя афіцыйных. Гэта быў прарыў свабоднай інфармацыі і свабодных ідэяў праз бар'ер цэнзуры і перашкодаў на дзяржаўных межах на шляху друкаваных матэрыялаў. Я глыбока перакананая, што ў гэтай тытанічнай барацьбе паміж ідэалёгіямі радыё "Свабода-Свабодная Эўропа" адыграла вельмі важную ролю. Свабодны абмен думкамі – гэта перадумова інфармаваньня грамадзянаў, каб яны самі маглі прыймаць пастановы аб сваім уласным лёсе. Гэта накладае на сродкі масавай інфармацыі вялізную адказнасьць. Журналісты ўсяго толькі жывыя істоты. Яны маюць уласныя перакананьні, яны маюць ідэалягічныя абавязальніцтвы. І калі яны не гавораць праўду, калі яны становяцца прастытукамі у руках вялікага бізнэсу, тады пад пагрозай самыя падставы дэмакратыі. І вось тут узьнікае галоўнае пытаньне: наколькі далёка распаўсюджаны гэты ўплыў? Ці застаецца месца для сапраўднай дэмакратычнай, незалежнай думкі, для сапраўды аб'ектыўных поглядаў? Мяркую, што найлепшай гарантыяй атрыманьня людзьмі праўдзівай інфармацыі зьяўляецца наяўнасьць шматлікіх крыніцаў інфармацыі, якія належаць розным людзям і арганізацыям. Каб людзі мелі доступ да розных крыніцаў".

Падчас прэсавай канфэрэнцыі я задаў прэзыдэнту Латвіі Вайрэ Віке-Фрэйбэрзе пытаньне пра сучасны стан беларуска-латыскіх адносінаў у кантэсьце аўтакратычнай сутнасьці сучаснага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Яе адказ быў лаканічны і кароткі:

(Фрайберге: ) "Афіцыйная пазыцыя Латвіі ў гэтым пытаньні такая самая, як і Эўрапейскага Зьвязу".

Як высьветлілася падчас прэсавай канфэрэнцыі прэзыдэнт Латвіі Вайрэ Віке-Фрайбэрга добра знаёмая з жыцьцём беларускай дыяспары ў Латвіі. Вось што спадарыня-прэзыдэнт расказала пра свой нядаўні візыт у Даўгаўпілс, дзе пражывае бальшыня беларусаў Латвіі:

(Фрайбэрге: ) "Нядаўна я была ў Даўгаўпілсе. Я сустрэлася са старшынём беларускага грамадзкага аб'яднаньня там. Беларусы актыўна адраджаюць там сваю культуру. Дарэчы, беларуская культура ў іх асяродзьдзі захавалася ў значнай ступені лепш, чымся сярод іх суродзічаў у самой Беларусі. Латвія мае глыбокія традыцыі захаваньня культураў нацыянальных меншасьцяў. Цяпер у нас працуюць школы на 8 мовах нацыянальных меншасьцяў. Сярод іх і беларуская мова".

XS
SM
MD
LG