Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 ліпеня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

У Менску знаходзіцца дэлегацыя Лівіі на чале з кіраўніком замежнапалітычнага ведамства гэтае краіны Абдурахманам Шалгамам. Кантакты паміж Беларусьсю й Лівіяй апошнім часам сталі актыўнымі, што можа яшчэ раз прыцягнуць да Беларусі ўвагу міжнароднае супольнасьці.

Ня так даўно ў Лівію езьдзіў міністар замежных справаў Беларусі Ўрал Латыпаў. Пра перамовы, якія ён вёў у гэтай краіне, паведамлялася вельмі мала. Афіцыйныя крыніцы казалі толькі пра тое, што Беларусь імкнецца разьвіваць гандлёва-эканамічныя зносіны. Дарэчы, паводле словаў прэсавага сакратара ўраду Івана Знаткевіча, сёньня гандлёва-эканамічныя стасункі паміж Лівіяй і Беларусьсю на нулі – на працягу апошніх двух гадоў гандаль увогуле ня вёўся.

У паведамленьні Міністэрства замежных справаў сказана, што лівійскія госьці наведаюць шэраг беларускіх прадпрыемстваў. Праўда, якія менавіта гэта прадпрыемствы, афіцыйныя крыніцы не паведамляюць. Ня выключана, што гэта заводы, якія вырабляюць тэхніку гэтак званага падвойнага прызначэньня, якая можа быць выкарыстаная як у абаронных, гэтак і ў мірных мэтах.

Паказальна, што пасьля наведваньня Беларусі лівійская дэлегацыя накіруецца ў Расею. Вядома, што існуе практыка, калі Расея ажыцьцяўляе розныя сумнеўныя кантракты праз пасярэдніцтва Беларусі.

Дарэчы, паказальнай была і сёньняшняя справаздача дзяржаўнае тэлевізіі пра сустрэчу лівійскага міністра зь беларускім прэм'ерам Ярмошыным. Са спасылкаю на прэм'ера пераказана, што Беларусь будзе супрацоўнічаць зь Лівіяй гэтак сама, як і ў савецкі час, і што ў Беларусі добрая ваенна-тэхнічная прамысловасьць, якая можа зацікавіць лівійцаў.

Магчымасьць ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю й Лівіяй камэнтуе былы намесьнік міністра замежных справаў Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) "Гэта можа мець наступствы. Тое, што згадаў Ярмошын, тое супрацоўніцтва, што было ў Савецкага Саюза з Лівіяй, дык ён дакладна акрэсьліў, што гэта ў ваеннай галіне супрацоўнічалі – і тэхніку ваенную пастаўлялі, і спэцыялісты ваенныя там працавалі. Лівія наогул зьяўляецца адной з самых узброеных краінаў у сьвеце, так што там ёсьць патрэба ў пошуках такіх партнэраў як Беларусь. А тое, што гэта будзе вельмі пільна адсочвацца, бо Лівія не належыць да дзяржаваў з дэмакратычнымі паводзінамі, і мы ведаем, што ёсьць шмат сувязяў з міжнароднымі тэрарыстамі, ёсьць нават інфармацыя, што Лівія нават давала прытулак міжнародным тэрарыстам, дык зразумела, што гэты візыт дадасьць яшчэ адну рысу да міжнароднага аўтарытэту Беларусі".

Гэта быў Андрэй Саньнікаў.

XS
SM
MD
LG