Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 ліпеня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

У Берасьцi ўрачыста адкрыты Лядовы Палац, якi будаваўся на асабiсты загад Аляксандра Лукашэнкi.

Будаваць Лядовы Палац пачалi ў 98-м годзе, калi Аляксандар Лукашэнка выдаткаваў на гэтыя мэты грошы са свайго прэзыдэнцкага фонду. Плянавалася, што Палац будзе гатовы ўжо праз год, але непадрыхтаванасьць праекту i адсутнасьць дадатковага фiнансаваньня прывялi да таго, што тэрмiны ўводу гэтага аб'екту неаднаразова пераносiлiся. Нарэшце было вырашана прымеркаваць адкрыцьцё Лядовага Палацу да чарговай гадавiны вызваленьня Берасьця ад фашысцкiх захопнiкаў i сьвята гораду.

Дарэчы, да гэтае падзеi, у Берасьцi, якi ня мае традыцыяў зiмовых вiдаў спорту, распачалiся пошукi тых, хто здольны быў бы згуляць у хакей супроць каманды Аляксандра Лукашэнкi. Але насуперак усiм чаканьням галоўны хакеiст краiны на адкрыцьцё берасьцейскага палацу не прыехаў, а замест хакейнага матчу гледачам прапанавалi эстрадна-цыркавое шоу Санкт-Пецярбурскага тэатру на лёдзе.

Для многiх жыхароў гораду ўвогуле засталося неўразумелым, як пры цяперашняй эканамiчнай сытуацыi, улады могуць дазволiць сябе кiдаць велiзарныя грошы на такую новабудоўлю (яе кошт ацэнены ў тры з паловаю мiльёны амэрыканскiх даляраў).

Асаблiва абураюцца самi будаўнiкi мясцовага трэсту №8, што займалiся ўзьвядзеньнем Лядовага Палацу: нягледзячы на статус першачарговага аб'екту, будаўнiкам сыстэматычна затрымлiвалi выплату заробку, i нават цяпер, калi Палац гатовы, яны не дачакалiся канчатковага разьлiку за сваю працу. Будаўнiкi вельмi нэгатыўна ўспрымаюць сам факт узьвядзеньня Лядовага Палацу яшчэ й таму, што з-за яго будаўнiцтва фактычна спыненая праца на iншых новабудоўлях гораду – у тым лiку шматпрофiльнай больнiцы i жыльлёвых аб'ектах.

Да гэтага трэба дадаць, што эксплюатацыя Палацу будзе абыходзiцца зусiм ня танна i патрабаваць вялiкай колькасьцi энэргарэсурсаў. Нават цяпер, пад час жнiва, у Берасьцейскай вобласьцi склалася катастрафiчная сытуацыя з палiвам. З надыходам ацяпляльнага сэзону становiшча традыцыйна яшчэ больш пагаршаецца i зьяўленьне Лядовага Палацу, хутчэй за ўсё, прынясе толькi дадатковыя клопаты камунальнай гаспадарцы.

XS
SM
MD
LG