Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 ліпеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Фэдэрацыя прафсаюзаў разглядала свае ўзаемныя дачыненьні з уладамі краіны. У сувязі з умяшаньнем дзяржавы ў прафсаюзныя справы прэзыдыюм Фэдэрацыі прыняў адмысловую пастанову.

Прэзыдыюм Фэдэрацыі прафсаюзаў канстатаваў сёньня, што ў краіне працягваецца непасрэднае ўмяшаньне дзяржаўных структураў у дзейнасьць прафсаюзаў. Адначасова ўзмацняецца сілавое ўзьдзеяньне ворганаў кіраваньня на прафсаюзныя камітэты і арганізацыі. Прэзыдыюм Фэдэрацыі зазначыў у сваёй пастанове, што цяпер ажыцьцяўляецца скаардынаваная буйнамаштабная акцыя дзяржаўных кантралёраў з мэтаю атрымаць кампрамат на прафсаюзы.

У гэтай сувязі лідэры афіцыйных прафсаюзаў зьвярнуліся да кіраўніка лукашэнкавай адміністрацыі Міхала Мясьніковіча з прапановаю правесьці двухбаковую сустрэчу ў бліжэйшы час. Старшыня Фэдэрацыі Ўладзімер Ганчарык, камэнтуючы нашаму радыё прыняты сёньня дакумэнт, зазначыў:

(Ганчарык: ) "Пастаўленая задача з боку адміністрацыі прэзыдэнта ў такім пляне: узяць прафсаюзы пад кантроль, або, як заяўляе памочнік прэзыдэнта, прафсаюзы варта рэфармаваць любой цаною.

Але, па-першае, незразумела, што такое "любая цана"? І, па-другое, што такое "рэфармаваць"? Калі задаеш гэтыя пытаньні, чуеш адказ: "а мы й самі ня ведаем". Інакш кажучы, ёсьць сыстэма, якая небясьпечная для ўладаў. І вось яе трэба разбурыць. Я так разумею гэтае "рэфармаваньне", – зазначыў Уладзімер Ганчарык.

Дарэчы, ягоная асоба сталася ўчора аб'ектам вострых выпадаў з боку Аляксандра Лукашэнкі пад час селектарнае нарады ў сельскагаспадарчых пытаньнях. Абразьлівае стаўленьне Лукашэнкі да старшыні Фэдэрацыі выявілася яшчэ да пачатку гэтае нарады. Ганчарыка папярэдне ўключылі ў сьпісы ўдзельнікаў, але перад самым пачаткам ягонае прозьвішча выкрэсьлілі, і ў выніку яго не пусьцілі ў залю. Потым Лукашэнка ў сваім выступе абразьліва выказаўся ня толькі пра манэры Ганчарыка, а й пра ягоную дасьведчанасьць у цяперашніх справах беларускае вёскі.

Вось як старшыня Фэдэрацыі пракамэнтаваў гэтыя лукашэнкавыя выпады:

(Ганчарык: ) "Я лічу гэта абразаю і таму мушу зьвярнуўцца да прэзыдэнта Рэспублікі з патрабаваньнем публічнага прабачэньня за ўсе гэтыя грубасьці. Я разглядаю непавагу да іншых як ня лепшыя чалавечыя якасьці.

А, па-другое, я мушу зьвярнуцца да яго як да гаранта Канстытуцыі і законаў. Каб ён даў ўказаньне спыніць сачэньне, збор кампрамэтуючых матэрыялаў на прафсаюзы і на мяне асабіста – пра што ўжо наўпрост заяўляюць супрацоўнікі спэцслужбаў ды іншых кантрольных ворганаў. Зараз праходзіць татальная масавая праверка, збор усялякіх плётак вакол прафсаюзаў, іх асобных лідэраў і мяне асабіста", – заявіў сёння нашаму радыё кіраўнік афіцыйных прафсаюзаў Уладзімер Ганчарык.

XS
SM
MD
LG