Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 ліпеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Ва Ўсебеларускім зьезьдзе за незалежнасьць, які пачнецца ў Менску заўтра, будзе ўдзельнічаць прыкладна 800 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны. На зьезд запрошаныя і госьці зь Летувы, Польшчы, а таксама акрэдытаваныя ў Менску дыпляматы краінаў ЭўраЗьвязу, ЗША і суседніх з Беларусьсю дзяржаваў.

Зьезд пачнецца заўтра а 10-й гадзіне раніцы ў Палацы культуры "Сукно". У сакратарыяце Ўсебеларускага зьезду нашаму радыё паведамілі, што да іх ужо паступіла каля 800 пратаколаў пра вылучаньне дэлегатаў, але канчатковая лічба ўдзельнікаў стане вядомая толькі заўтра, пасьля падліку мандатнае камісіі. Вядома толькі, што дэлегаты будуць прадстаўляць усе вобласьці і амаль усе раёны краіны. У асноўным, гэта людзі, вылучаныя ў дэлегаты шляхам збору подпісаў і на сходах грамадзянаў у месцы жыхарства. Палітычныя партыі і грамадзкія арганізацыі будуць прадстаўляць па сем асобаў. Пратаколы ў вылучэньні дэлегатаў будуць паступаць у аргкамітэт да самага пачатку зьезду.

Паводле словаў сябраў рабочае групы зьезду, улады асабліва не перашкаджалі ў падрыхтоўцы да гэтага форуму. Тым ня менш, пэўнае раздражненьне з боку чыноўнікаў было. Міністэрства юстыцыі, як вядома, нават папярэдзіла арганізатараў, што рашэньні зьезду ня будуць мець аніякае праўнае сілы.

Сябры аргкамітэту не зьвяртаюць увагі на падобныя заявы. На іхную думку, Акт незалежнасьці, які мусіць заўтра прыняць зьезд, перавышае ўсе інтэграцыйныя пагадненьні ўлады, якая вось ужо год, як страціла сваю легітымнасьць. Разам з тым арганізатары разумеюць, што сам факт правядзеньня зьезду не прывядзе да аўтаматычнае зьмены сытуацыі ў пытаньні захаваньня незалежнасьці Беларусі.

Гаворыць сустаршыня аргкамітэту зьезду Генадзь Бураўкін:

(Бураўкін: ) "Я, безумоўна, не такі наіўны, каб лічыць, што назаўтра, як зьезд закончыць работу, будзе прыняты Акт Незалежнасьці, і ўсё у нас у палітыцы, у грамадзкім і духоўным жыцьці памяняецца. Не, безумоўна. Але я спадзяюся, што пасьля гэтага будзе ўжо немагчыма рабіць выгляд, што няма такой сур'ёзнай думкі, такой сур'ёзнай волі ў абарону незалежнасьці і дзяржаўнага сувэрэнітэту Рэспублікі Белаурсь".

Паведаміў спадар Бураўкін.

Плянуецца, што на зьезьдзе будуць прысутнічаць парлямэнтары й грамадзкія дзеячы зь Летувы й Польшчы. Запрошаныя таксама і амбасадары гэтых краінаў, а таксама Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Францыі, Італіі, ЗША, ды некаторых іншых дзяржаваў, у тым ліку й Расеі.

XS
SM
MD
LG