Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 ліпеня 2000 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш

Дзень Незалежнасьці нельга ўявіць без нацыянальнага гімну. Але Рэспубліка Беларусь яго дагэтуль ня мае. Сёньня ў нашай праграме – прэм'ера. Наш калега Сяржук Сокалаў-Воюш напісаў словы на мэлёдыю славутага палянэзу Агінскага. Паводле задумы аўтара, тэма разьвітаньня з Радзімай у творы зьвязаная з тэмай вяртаньня да яе. Песьню выканаў гурт "Крыві".

Сонца праменьне стужкай вузкай
Ператкала помны вечар.
Край бацькоўскі, край мой Беларускі,
Я табе кажу на разьвітаньне: "Да спатканьня, да сустрэчы"…

Водар закінутага саду,
Ў небе зорка Мілавіца,
Таямніцы паркавых прысадаў –
Пэўна неаднойчы на чужыне будуць мроіцца і сьніцца…

Зноў залунае наш штандар,
Палыхне ў начы пажар.
І паходнаю трубой
Зноў пакліча нас на бой, на мужны бой, мая Радзіма –
край адзіны.
Да яго з выгнаньня
Шлях вяртаньня –
Шлях змаганьня.

Ростань на ростанях краіны.
Раніць думкі шлях абраны,
Прагне сэрца ў родныя мясьціны.
І Радзімы вобраз ажывае растрывожанаю ранай.

Дахі мястэчак, стрэхі вёсак,
Вежы замкаў і палацаў,
Гонкіх храмаў звонкі адгалосак,
Клічуць да сябе, і немагчыма з гэтым краем разьвітацца

Зноў залунае наш штандар,
Палыхне ў начы пажар.
І паходнаю трубой
Зноў пакліча нас на бой, на мужны бой, мая Радзіма –
край адзіны
Да яго з выгнаньня
Шлях вяртаньня –
Шлях змаганьня.

Воі прагнуць волі,
Воля – сьвет і доля,
Броні звон ды коні,
Коні – кліч "Пагоні".
Крочым з багны ночы –
З ночы шлях прарочы

Зноў залунае наш штандар,
Палыхне ў начы пажар.
І паходнаю трубой
Зноў пакліча нас на бой, на мужны бой, мая Радзіма –
край адзіны
Да яго з выгнаньня
Шлях вяртаньня –
Шлях змаганьня.

Золак, ахутаны туманам,
Далягляды ў барвах бэзу.
І гучаць нябёсныя арганы,
І жывуць у сэрцы, і зьліваюцца ў гуках палянэзу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG