Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 ліпеня 2000 г.


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Падзеі з нагоды дзесяцігодзьдзя беларускай незалежнасьці распачаліся ў Віцебску яшчэ з самай раніцы. Віцяблянаў прывітаў сёньня бел-чырвона-белы сьцяг, прымацаваны да адной з асьвятляльных мачтаў каля летняга амфітэатру, дзе штогод адбываюцца "Славянскія базары".

Каля 11 гадзінаў раніцы віншаваньне невядомага Мірона заўважылі віцебскія міліцыянты, падагналі сваю машыну, але лезьці на высокі слуп ніхто з міліцыянтаў не наважыўся. Відаць, Мірон знаходзіцца сёньня ў куды лепшай спартовай форме. Сьцяг здымаў нехта з тэхнічнай абслугі амфітэатру, а потым перадаў у рукі браваму міліцыянту.

Якраз тым самым часам, як арыштоўвалі сьцяг, на другім баку вуліцы Леніна міліцыянты затрымалі сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Барыса Хамайду. Ён ужо некалькі тыдняў запар зьбіраў подпісы супраць саюзнае дамовы з Расеяй, і гэта ўжо дзявятае затрыманьне з гэтай нагоды. Чым скончыцца сёньняшняе затрыманьне, пакуль невядома, але над Барысам Хамайдам ды над ягоным паплечнікам Уладзімерам Плешчанкам ужо быў распачаты ды дагэтуль нічым ня скончыўся судовы працэс. Дарэчы, спадар Плешчанка зьявіўся каля так званага сіняга дому літаральна праз некалькі хвілінаў пасьля затрыманьня Барыса Хамайды і працягнуў зьбіраньне подпісаў.

А сёньня вечарам а 18 гадзіне ў сквэры каля плошчы Леніна адбудзецца несанкцыянаваны сход віцебскіх дэмакратычных сілаў. Першапачаткова меркавалася правесьці сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці зусім іншым чынам – правесьці ўрачысты канцэрт і сход. Былі нават падрыхтаваныя віншаваньні і запрашэньні на 600 чалавек. Але кіраўнікі культурных установаў, да якіх зьвярталіся арганізатары імпрэзы, па чарзе адмаўляліся прадаставіць памяшканьне нават за грошы.

Паводле меркаваньня аднаго з сябраў Каардынацыйнай Рады дэмакратычных сілаў спадара Яна Каліноўскага, віцебскія ўлады ня толькі не цікавіць эканамічны стан установаў культуры. Падобна, што яны знарок заціскаюць людзей у вузкія межкі вулічных акцыяў, і неўзабаве можа стацца так, што аргкамітэт будзе ладзіць беларускія сьвяты як у часы царызму – у выглядзе маёўкі ў бліжэйшым лесе.

XS
SM
MD
LG