Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 ліпеня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Візыт у Беларусь намесьніка старшыні КНР Ху Цзіньтао ледзь не пачаўся зь міжнароднага скандалу. Ля рэзыдэнцыі на Карла Маркса 38 Аляксандар Лукашэнка сустракаў высокую афіцыйную асобу пад завываньне сырэнаў паветранае трывогі. Разгублены твар кітайскага госьця сьведчыў пра тое, што з падобным прыёмам ён сутыкаецца ўпершыню.

Грамадзянскай абароне хранічна не шанцуе. Ейны менскі штаб уключыў учора ў сталіцы сырэны ў той самы момант, калі ля рэзыдэнцыі Лукашэнкі пачуліся першыя гукі кітайскага гімну. Абсалютная няўзгодненасьць плянаў лукашэнкавай адміністрацыі і Міністэрства абароны ледзь ня скончылася міжнародным інцыдэнтам.

Паводле апэратара ОРТ Сяргея Гельбаха, які рабіў здымкі для расейскага каналу, раптоўны пераход на, так бы мовіць, "ваеннае становішча" засьпеў афіцыйны штаб кітайскае дэлегацыі зьнянацку. Паколькі ніхто з кітайскага боку ня быў папярэджаны наконт вялікіх манэўраў беларускіх адстаўнікоў, служба аховы кітайскага кіраўніка доўга не магла з'арыентавацца: сапраўдная небясьпека пагражае іхнаму кіраўніцтву, ці толькі гіпатэтычная.

Сяргей Гельбах кажа, што першая разгубленасьць зьмянілася панікаю: целаахоўнікі Цзіньтао і Лукашэнкі забегалі, замітусіліся, крыху супакоіўшыся толькі пасьля таго, як апошнія гукі сырэны змоўклі над дахам рэзыдэнцыі.

Рэакцыя Лукашэнкі ў адносінах да парушальнікаў дзяржаўнае цырымоніі пакуль невядомая. Сёньня візыт яшчэ працягваецца, і адпаведныя арганізацыйныя высновы, хутчэй за ўсё, будуць зробленыя заўтра. Але пад час выцьця сырэнаў (прынамсі, звонку) Лукашэнка быў непранікальны для эмоцыяў, – можа, ведаў, у чым справа. А вось кітайскі кіраўнік разгубленасьці не хаваў.

Спробы высьветліць непасрэдна ў штабе грамадзянскай абароны, як учорашняя гукавая накладка адрэзанавала на супрацоўніках, ня мела выніку. Клеркі дружна пераадрасоўвалі мяне да свайга непасрэднага начальніка палкоўніка Зялёнага, а тэлефонны аўтаадказчык апошняга няспынна паведамляў, што я сапраўды патэлефанаваў у кабінэт вышэйзгаданага палкоўніка і патрабаваў назваць пэрсанальны пароль.

Дарэчы, у справаздачы Беларускае тэлевізіі пра непрыемны інцыдэнт не было ўзгадана наогул. Новы тэлевізійны начальнік Віктар Чыкін зь першага дня дэманструе прыхільнасьць да генэральнай лініі, абранай афіцыйнымі мас-мэдыямі. Некалькі сэкундаў кітайскага гімну, не забруджаных у эфіры сырэнамі, і амаль хвілінны прагон гімну БССР распачалі натхнёны расповед пра чарговы гістарычны этап у адносінах паміж дзьвюма роднаснымі дзяржавамі.

XS
SM
MD
LG