Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 27 ліпеня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

Сёньня ўначы на многіх будынках у шэрагу раёнаў Менску зьявіліся графіці антыўрадавага і антырасейскага зьместу. Адказнасьць за гэтую акцыю ўзяла на сябе незарэгiстраваная нацыянал-патрыятычная арганiзацыя – Беларуская Партыя Свабоды. Як распавёў кіраўнік БПС Сяргей Высоцкі, у ноч з 26 на 27 ліпеня, калі яго аднадумцы расьпісвалі будынкі, адбылася сутычка зь міліцыянтамі. Прыхільнікі БПС адбіліся й здолелі ўцячы.

Сёньня ўраніцу многія менчукi маглi пабачыць антырасейскія і антылукашэнкаўскія надпiсы на будынках у Зялёным Лузе (уздоўж трамвайнае лiнii), ля ўнiвэрсаму «Бярэсьце» на Паўднёвым Захадзе, ля станцыi мэтро «Пушкінская», ля пляцу Бангалёр, на Нямізе, на вуліцы Кальварыйскай і ў іншых месцах.

За некалькi дзён да гэтай акцыi ў праграме навiнаў дзяржаўнае тэлевізіі Беларускую Партыю Свабоды ўзгадаў у сваім сюжэце Аляксандар Зімоўскі. Ён называў сябраў гэтай арганізацыі «экстрэмістамі і фашыстамі», якія нібыта прапагандуюць тэрор…

Але Сяргей Высоцкі, кіраўнік Беларускае Партыі Свабоды лічыць, што ягоная арганізацыя – нацыянальна-вызвольная і прагне сапраўднай незалежнасьці для Беларусі, але з дапамогаю радыкальных сродкаў. БПС – арганiзацыя незарэгiстраваная i знаходзіцца, як сьцьвярджае Высоцкі, у паўпадпольным стане менавiта з-за свайго рэвалюцыйнага характару. Адною зь яе мэтаў зьяўляецца барацьба з «Расейскiм нацыянальным адзiнствам» на беларускiх вуліцах.

«За гэты год у нас было амаль дваццаць сутычак з РНЕ, – распавядае Высоцкі. – Апошняя – пяць дзён таму ў менскім мэтро. Зайшоў хлопец са свастыкаю расейскiх фашыстаў. Побач аказаліся два нашыя юнакі. Яны сарвалі зь яго значку, потым пачалася бойка. Да гэта падключылася мiлiцыя. Нашаму хлопцу мiлiцыянты зрабiлi заўвагу ды абяцалi iм яшчэ заняцца, а РНЕ'шнiка адпусьцiлi».

Як сьцьвярджае Высоцкі, прыхільнікам Партыі Свабоды ўдалося ў вялікай ступені перамагчы РНЕ ў барацьбе за беларускую вуліцу. У некаторых раёнах Менску ўплыў расейскіх фашыстаў стаў значна меншы. Гэта Паўднёвы Захад, Чыжоўка, раён вуліцы Ангарскай. Сябры БПС рвуць улёткi РНЕ i замест іх вешаюць свае. Фан-клюб «Дынама» (Менск) раней быў пад уплывам РНЕ. Зараз ён апынуўся пад уплывам БПС.

Сябры незарэгiстраванае Беларускае Партыi Свабоды звычайна зьбіраюцца кожны аўторак ля помнiка Янкi Купалы. У Менску iснуе некалькi сотняў сяброў гэтай арганізацыі. Напрыклад, на мінулы Чарнобыльскі Шлях ад БПС выйшла каля 150 чалавек.

XS
SM
MD
LG