Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 27 ліпеня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Да дзясятых угодкаў ухваленьня Вярхоўным Саветам Дэклярацыі дзяржаўнае незалежнасьці Беларусі было прымеркаванае ўрачыстае адкрыцьцё на Ўсходніх могілках Менску помніка Генадзю Карпенку, аднаму з тых, хто прагаласаваў за гэты акт 27 ліпеня 1990 году. Цырымонія сабрала больш за сто чалавек.

(Чутны сьпеў: ) "Амінь. Сьвяты Божа…"

Так пачалася цырымонія асьвячэньня праваслаўнымі сьвятарамі помніка над магілаю беларускага дзяржаўнага дзеяча Генадзя Карпенкі, які памёр у шпіталі 6 красавіка 1999 году. На Ўсходнія могілкі Менску прыйшлі каля ста чалавек – родныя, блізкія, калегі, знаёмыя нябожчыка, замежныя дыпляматы.

Але спачатку адбыўся кароткі жалобны мітынг, што распачаў Васіль Шлыньдзікаў, прадстаўнік Вярхоўнага Савету Беларусі ды старшыня аргкамітэту ў стварэньні помніка. Ён папрасіў удаву Людмілу Карпенку зьняць з манумэнта белае покрыва, і прысутныя ўбачылі выкананую з бронзы скульптурную выяву галавы Генадзя Карпенкі, што зьмешчаная на чырвонай гранітнай пліце разам з напісанымі па-расейску імем нябожчыка ды словамі "Апусьцела безь цябе зямля".

Людміла Карпенка падзякавала прысутным за тое, што прыйшлі, ды выказала шкадаваньне з нагоды адсутнасьці аўтара гэтага помніка Івана Місько. Спадарыня Карпенка ня згадвала акалічнасьці сьмерці мужа ў менскім шпіталі 6 красавіка мінулага году, але скончыла свой выступ вельмі экспрэсіўна:

"Я хачу сказаць: няхай будуць праклятыя тыя людзі, якія ўчынілі гэтае зладзейства і працягваюць гэта рабіць", – сказала Людміла Карпенка.

Наступным слова меў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч: "Я ведаў Карпенку каля дзесяці год… Лёсавызначальны час".

Гледзячы на залітыя сонцам усходнія ўскрайкі могілак, дзе сярод новых магілаў ёсьць і тая, у якой пахаваныя Генадзь Карпенка ды ягоны бацька, што памёр праз чатыры месяцы, яшчэ адзін удзельнік цырымоніі адкрыцьця помніку Генадзю Карпенку – амэрыканскі амбасадар Дэніэл Спэкгард – заявіў, што яму вельмі прыемна разьдзяліць сёньняшнюю падзею з прысутнымі.

(Спэкгард: ) "Я адчуваю, пакуль сонца грэе нашыя сьпіны, тое самае, што я заўжды адчуваў, калі Генадзь усьміхаўся. Якімі б дрэннымі ні былі справы, ён заўсёды быў здольны падзяліцца цёплаю ўсьмешкаю ды зрабіць дзень крыху ярчэйшым.

Я адчуваю, як Бог дзеліцца сёньня з намі падарункам", – сказаў амбасадар Спэкгард.

Ён назваў помнік Генадзю Карпенку цудоўным, але дадаў, што ён вельмі малы ў параўнаньні з тым манумэнтам, які ёсьць у сэрцах прысутных ды тысячаў іншых беларусаў.

Цырымонія на менскіх Ўсходніх могілках скончылася сьпяваньнем беларускага гімну "Магутны Божа":

(Чутны сьпеў: ) "Зрабі свабоднай…"

XS
SM
MD
LG