Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 ліпеня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Абрабаваная сядзіба Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына". Пра гэта паведаміла сёньня ўправа Згуртаваньня.

Гэта здарылася ў ноч з 23 на 24 ліпеня. Невядомыя злачынцы ўзламалі замкі на дзьвярох і бесьперашкодна ўвайшлі на першы паверх будынку па вуліцы Рэвалюцыйнай 15 у Менску, дзе месьціцца сядзіба "Бацькаўшчыны".

Дзеяньні злачынцаў былі сплянаваныя, а інтарэс выбраны. Цікавасьць для іх уявілі ня ўсе матэрыяльныя каштоўнасьці, якія тут былі. Да прыкладу, злачынцаў не зацікавіў чамусьці манітор кампутара з клявіятураю, друкарская машынка, ксэракс, нават сэйф яны пакінулі па-за ўвагаю.

А вось што ім спатрэбілася, дык гэта сыстэмны блёк кампутара з базаю дадзеных пра дзейнасьць "Бацькаўшчыны" за 10 гадоў, а таксама зь інфармацыяй пра ўсясьветную беларускую дыяспару з пэрсанальнымі адрасамі ды тэлефоннымі нумарамі. Скралі злачынцы й новы лязэрны прынтар, а таксама тэлефонна-факсавы апарат.

У распаўсюджаным сёньня паведамленьні ўправа згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" падкрэсьлівае, што рабаўнікі нанесьлі вялікія матэрыяльныя страты Згуртаваньньню, якое існуе толькі на складкі ды ахвяраваньні сваіх сяброў. Але найбольш істотныя страты маральныя, бо злачынства адбылося незадоўга да правядзеньня восеньскай сэсіі Міжнароднага кангрэсу беларусістаў. Рабаўнікі гэткім чынам пазбавілі ўправу магчымасьцяў нармальнае падрыхтоўчае працы да кангрэсу.

Аднак, управа Згуртаваньня ня мае адназначнае думкі пра характар злачынства. Адныя лічаць яго чыстым крыміналам, іншыя ж схіляюцца да таго, што пералік скрадзенага якраз сьведчыць пра палітычную скіраванасьць дзеяньняў злачынцаў. Ускосна гэтая неадназначнасьць ацэнак спрычынілася да таго, што ўправа не адразу паведаміла журналістам пра злачынства. І на ягонае хуткае раскрыцьцё праваахоўнымі ворганамі, як сказаў сябра ўправы Мікола Люцко, "Бацькаўшчына" не спадзяецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG