Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 ліпеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Аляксандар Лукашэнка праводзіў сэлектарную нараду ў сельскагаспадарчых пытаньнях, у якой удзельнічала ўсё кіраўніцтва краіны.

Сёньняшняя сэлектарная нарада мела палітычны падтэкст. Паводле словаў Лукашэнкі, да справаў вёскі цяпер павышаная ўвага з боку ўнутраных і замежных ворагаў – апазыцыі ды Захаду. Лукашэнка зьвязвае гэта з набліжэньнем дзьвюх кампаніяў – абраньнем парлямэнту й прэзыдэнта.

Згаданыя сілы, як прагучэла на нарадзе, нібыта спрабуюць напоўніць краіну чуткамі – што жыхароў Беларусі сёлета чакае голад. У зьвязку з гэтым Лукашэнка заявіў, што "голаду ня будзе" – бо вырас добры ўраджай, якога не было ў Беларусі ўжо 3 гады. Міністэрства сельскае гаспадаркі прагназуе яго на ўзроўні 5,5 мільёнаў тонаў. Але Лукашэнка лічыць такі прагноз заніжаным. Ён назваў лічбу прагнознага ўраджаю: 6 мільёнаў тонаў. Засталося толькі сабраць яго.

Між тым, шмат у якіх калгасах і саўгасах месяцамі не выплочваюцца заробкі. Вясковыя прафсаюзы пад час нядаўняе справаздачна-выбарчае кампаніі ўсклалі адказнасьць за гэта на ворганы кіраваньня.

Абвінавачваньні ў бок кіруючай эліты моцна пакрыўдзілі Аляксандра Лукашэнку. Як засьведчыла нарада, прафсаюзы сталіся мішэньню ягоных крытычных выпадаў. Ён паспрабаваў схіліць лідэра вясковых прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, што цяперашняя прафсаюзная пазыцыя – памылковая. І што ў сапраўднасьці няма ніякага ціску на прафсаюзы з боку ўладаў. Ярашук, аднак, публічна пацьвердзіў, што ўмяшаньне мае месца, і тое, пра што распавядаюць сродкі масавай інфармацыі – праўда.

Выпады Лукашэнкі прагучалі на адрэсы старшыні Фэдэрацыі Ўладзімера Ганчарыка ды іншых прафсаюзных кіраўнікоў, якія нібыта ганьбяць добрае аблічча цяперашняга рэжыму. У прыватнасьці, яны, на думку Лукашэнкі, дыскрэдытуюць цяперашнюю эканамічную палітыку ў краіне, а самі тым часам займаюцца фінансавымі махлярствамі.

Што адкажуць на гэтыя выпады прафсаюзныя лідэры? Магчыма, мы даведаемся пра гэта ўжо заўтра. На 28 ліпеня заплянаванае паседжаньне Прэзыдыму Фэдэрацыі прафсаюзаў, на якім, паводле толькі што атрыманай інфармацыі, якраз і пойдзе размова пра антыпрафсаюзную гістэрыю ўладаў. Чакаецца, што кіраўнікі Фэдэрацыі выступяць з адмысловай заяваю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG