Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 ліпеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Беларускі Гэльсынскі камітэт абвінавачвае беларускія ўлады ў выкарыстаньні ў палітычных мэтах сытуацыі вакол былога міліцыянта Алега Батурына. БГК лічыць, што ўлады з дапамогаю гэтае гісторыі спрабуюць скампрамэтаваць апазыцыю і адхіліць ўвагу грамадзкасьці ад фактаў зьнікненьня Захаранкі, Ганчара, Красоўскага й Завадзкага.

Беларускі Гэльсынскі камітэт зрабіў адмысловую заяву пра факты знікненьня грамадзянаў у Беларусі, у якой асаблівая ўвага надаецца зьнікненьню апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага і сытуацыі вакол былога міліцыянта, а цяпер палітычнага ўцекача Алега Батурына.

БГК зьвярнуў увагу на тую акалічнасьць, што беларускія ўлады нічога не зрабілі, каб расьсьледваць выкраданьне грамадзяніна Беларусі Батурына з Польшчы невядомымі асобамі, хаця факт гэты і КГБ Беларусі, і Міністэрства замежных справаў прызнаюць за сапраўдны. І гэта пры тым, што ня дала аніякіх вынікаў ніводнае з расьсьледваньняў зьнікненьня вядомых асобаў у Беларусі.

Што, на думку БГК, яскрава сьведчыць пра сапраўдныя мэты беларускіх уладаў: "Выклікае занепакоенасьць жаданьне беларускіх ўладаў выкарыстаць сытуацыю вакол Алега Батурына ў палітычных мэтах, з дапамогаю падначаленых СМІ ўкласці ў грамадзкую сьвядомасьць думку пра тое, што гэта апазыцыя ці спэцслужбы іншых краінаў маюць дачыненьне да зьнікненьня людзей у Беларусі", – сказана ў заяве БГК.

Беларускія праваабаронцы канстатуюць пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ды патрабуюць ад уладаў дэталёвага расьсьледваньня ўсіх абставінаў выкраданьня Батурына з Польшчы й зьнікненьня вядомых беларускіх палітыкаў.

Намесьнік старшыні Беларускага Гэльсынскага камітэту Гары Паганяйла, адзін з аўтараў заявы, задае наступныя пытаньні да беларускіх праваахоўных службаў:

Па-першае, чаму не была ўзбуджана крымінальная справа паводле факту гвалтоўнага захопу грамадзяніна Беларусі, што падпадае пад 124 артыкул Крымінальнага кодэксу. Па-другое, чаму паводле ўсіх гэтых абставінаў ня быў дапытаны Алег Батурын, і ўвогуле нічога ня зроблена, каб выявіць сьляды ягонага выкраданьня.

"Без правядзеньня гэтых неабходных дзеяньняў павісае ў паветры заклік беларускага КГБ да супрацоўніцтва ў расьсьледваньні выпадкаў зьнікненьня вядомых у Беларусі грамадзянаў", – лічыць Гары Паганяйла.

Ён тлумачыць, у чым тут сувязь, наступным чынам: "Выпадак з Алегам Батурыным яшчэ не дастаткова зразумелы. Але калі КГБ пагадзіўся, што выкраданьне Батурына невядомымі ўзброенымі асобамі было, дык чаму гэтым фактам не зацікавіліся? А раптам гэта тая ж самая групоўка, якая скрала Захаранку й Ганчара з Красоўскім. Ці, можа, ёсьць сувязь гэтага здарэньня з тым, што адбылося з апэратарам Завадзкім? Аднак КГБ гэтых пытаньняў чамусьці не задае і аніякіх захадаў ня робіць, а Батурына спакойна адпускаюць у Польшчу, хаця раней заяўлялася, што супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа за паклёп на міліцыю", – адзначае Гары Паганяйла. На ягоную думку, беларускія спэцслужбы яўна ведаюць пра здарэньне з Батурыным значна больш, чым кажуць грамадзкасьці.

"Мы мусім настойваць на правядзеньні расьсьледваньня таго, што здарылася з Батурыным, і патрабаваць адкрытасьці гэтага расьсьледваньня. Ня выключана, што так мы дапаможам і пошукам зьніклых Захаранкі, Ганчара, Красоўскага й Завадзкага, у выкраданьні якіх заўважны агульны почырк", – упэўнены вядомы праваабаронца Гары Паганяйла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG