Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 ліпеня 2000 г.


Другое простае ўключэньне ў эфір нашага карэспандэнта на месцы правядзеньня ўрачыстага канцэрту ў Менску Віталя Цыганкова.

(Ціхановіч: ) "Віталь, колькі народу сабралася ўжо на канцэрт?"

(Цыганкоў: ) "Зараз на пляцоўцы ў парку Дружбы народаў можна бачыць каля 300-400 чалавек пераважна маладых людзей, што прыйшлі паслухаць канцэрт. Як вы можаце пачуць, зараз адбываецца настройка інструмэнтаў, але канцэрт яшчэ не пачаўся".

(Ціхановіч: ) "Вы сказалі, што канцэрт называецца "10 гадоў – 10 гітоў". Калі ласка, больш падрабязна, якія песьні будуць сьпяваць і хто зьбіраецца выступіць?"

(Цыганкоў: ) "Як мне паведаміў кіраўнік Маладога Фронту Павал Севярынец, які зьяўляецца адным з творчых кіраўнікоў канцэрту, рок-гурты будуць сьпяваць песьні паводле парадку гадоў іх стварэньня, іншымі словамі, спачатку прагучыць кампазыцыя, напісаная ў 1991 годзе, пасьля ў 1992 і так далей. Ужо пэўна ведама, што сёньня будуць выступаць гурты Камэлот, Новае Неба, НРМ. Але спачатку, для разагрэву, так бы мовіць, будзе выступаць малады і малавядомы гурт "Млын". Сцэна, на якім будуць выступаць гурты, аздобленая вялікім плякатам з надпісам, на якім напісана: "Незалежнасьць: 10 гадоў – 10 вякоў". Можна бачыць бел-чырвона-белыя сьцягі і такія ж парасоны. Пераважная большасьць прысутных – моладзь 15-20 гадоў. Шмат міліцыі вакол нябачна, толькі адзінкі міліцыянтаў назіраюць за тым, як будуць разгортвацца падзеі. Павал Севярынец мяркуе перад пачаткам канцэрту сказаць невялікую палітычную прамову, як ён мне сказаў, хвілін на 10".

(Ціхановіч: ) "Значыцца, нашыя слухачы яшчэ могуць пасьпець на канцэрт?"

(Цыганкоў: ) "Так, безумоўна, арганізатары канцэрту і ўсёй акцыі былі б радыя, калі б аматары беларускіх гуртоў прыйшлі б сюды. Нагадаю, што канцэрт дазволены да 22 гадзін".

XS
SM
MD
LG