Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 ліпеня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

"Створым Беларускі Нацыянальны ўнівэрсытэт", "Беларускую мову – у школы, шавіністаў – са школы", "Дзьвюхмоўе – падвойныя страты. Чыноўнікі эканомяць на беларускаcьці. Ганьба!". Пад гэтымі ды іншымі лёзунгамі сёньня ўвечары ў Менску актывісты беларушчыны правялі антырусіфікацыйны пікет, прысьвечаны 10-м угодкам прыняцьця Дэклярацыі Незалежнасьці.

Адразу заўважым, што пікетаў атрымалася два. І вось чаму.

Парк "50-годзьдзя Кастрычніка" (больш вядомы ў народзе пад назовам "карчы") заместа заяўленага Міхайлаўскага сквэру – такое мейсца для правядзеньня гэтае акцыі вызначыла Таварыству Беларускае Мовы сталічная ўлада. Арганізатарам удалося дамовіцца зь міліцэскім начальствам ладзіць пікет не ў паркавых нетрах, а ўсьцяж прылеглых да яго вуліцы Ванеева ды ўчастку Партызанскага праспэкту.

А 17-й людзі сабраліся ў вызначаных мейсцах. Разгарнулі антырусіфікацыйныя лёзунгі ды плякаты і адразу ж атрымалі зацікаўленую рэакцыю мінакоў.

Побач з такімі адназначнымі адносінамі да сваёй акцыі тэбээмаўцы сустрэлі й не зусім паважлівае стаўленьне. Цікава, што апанэнтамі ім выступалі ня толькі ўдзельнікі акцыі, але й выпадковыя сьведкі.

Асноўны зьмест патрабаваньняў пікетоўцаў быў пазначаны на іхных лёзунгах ды плякатах: "Беларускую мову – у школы, шавіністаў – са школы", "Беларуская школа = незалежнасьць", "Толькі здраднік аплёўвае сваю мову".

Вылучаўся лёзунг з патрабаваньнем адкрыцьця беларускага Нацыянальнага ўнівэрсытэту. Як вядома, фармальна збор подпісаў у ягоную падтрымку ТБМ завершыла месяц таму, але з увагі на тое, што 28 ліпеня міністар адукацыі Васіль Стражаў прызначыў ініцыятыўнай групе сустрэчу ў гэтым пытаньні, сёньня на пікеце зноў зьбіралі подпісы. Людзі вельмі ахвотна падпісваліся пад патрабаваньнем адкрыцьця хаця б адзінай вышэйшай навучальнай сапраўды беларускай установы.

Антырусіфікацыйны пікет, праведзены сёньня ў Менску з нагоды 10-х угодкаў прыняцьця Дэклярацыі Незалежнасьці, ягоныя арганізатары лічаць даволі эфэктыўнай акцыяй. Найперш з інфармацыйнага гледзішча. Гаворыць старшыня Менскай гарадзкой рады ТБМ Алена Анісім:

(Анісім: ) "Я думаю, што эфэктыўнасьць вялікая будзе. Сутнасьць у тым, што месца выбранае вельмі ўдала. Народу шмат. Людзі падыходзяць, цікавяцца, нехта завязвае дыскусіі. Я думаю, што многія, хто падыходзіў да нас з нэгатыўных пазыцыяў, пасьля гэтай акцыі задумаецца".

Так падсумавала вынікі сёньняшняе тэбээмаўскае акцыі з патрабаваньнем наданьня беларускай мове рэальнага статусу дзяржаўнай старшыня Менскай гарадзкой рады ТБМ Алена Анісім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG