Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 ліпеня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Паводле афіцыйных зьвестак Міністэрства працы, у Беларусі статус уцекача маюць 385 чалавек. У той жа час колькасьць нелегальных імігрантаў дасягае двухсот тысячаў чалавек. Сёньня на сустрэчы з журналістамі з вуснаў супрацоўніцы Камітэту ў справах міграцыі прагучэў і яшчэ адзін цікавы факт: афіцыйна ў Беларусі няма ўцекачоў з Чачні.

"У нас няма ўцекачоў з Расеі. Што тычыцца асобаў з Чачні, у нас было блізу 10 зваротаў, але пытаньне пра наданьне ім статусу ўцекачоў не разглядалася, паколькі гэтыя асобы і так маюць права жыць на тэрыторыі Беларусі. У прынцыпе гэта рэгулюецца саюзнай дамоваю. Таму ім абсалютна не патрэбны гэты статус", – заявіла сёньня старшыня ўправы ў справах уцекачоў Людміла Серыкава. Яна не дала пэўнага адказу на пытаньне, колькі з двухсот тысячаў "нелегалаў", якія знаходзяцца цяпер у Беларусі, прыехалі з Чачні.

Выказваньні супрацоўніцы Міністэрства працы супярэчаць дадзеным гэтай жа ўстановы, атрыманымі раней. Сёлета ў студзені супрацоўніца Камітэту ў справах міграцыі сьцьвярджала ў інтэрвію "Радыё Свабода", што больш за 300 чалавек зь ліку тых, хто прыехаў з Чачні, атрымалі афіцыйны статус уцекача.

Як бы там нібыло, афіцыйныя асобы прызнаюць: становішча зь нелегальнымі мігрантамі ды ўцекачамі ў значнай ступені абумоўлена геаграфічным становішчам Беларусі і – пра што кажацца ня так адкрыта – мяжой з Расеяй, якую ніхто не кантралюе.

Пра яшчэ адзін аспэкт гаворыць прадстаўнік Управы вярхоўнага камісарыяту ААН у справе ўцекачоў Богдан Няхайла:

«Сытуацыя з жыхарамі Чачні сьведчыць пра значна большую праблему. Ёсьць рознагалосьсі ў азначэньні, якая краіна-сусед зьяўляецца бясьпечнаю. Беларусь лічыць Расею бясьпечнай краінаю. У той час як афіцыйная пазыцыя Ўправы Вярхоўнага камісарыяту ў справе ўцекачоў палягае ў тым, што Расейкая Фэдэрацыя зусім не абявязкова зьяўляецца бясьпечнай краінаю для прадстаўнікоў пэўных нацыянальнасьцяў».

Беларусь прываблівае пераважна жыхароў краінаў Сярэдняй Азіі ды Блізкага Ўсходу: Аўганістану, Анголы, Эфіёпіі, Ірану, Іраку ды Пакістану. У той час як уцекачоў з Эўропы ў краіне няма. Камітэт у справах міграцыі Міністэрства працы ня ведае, колькі грамадзянаў Беларусі маюць статус уцекача й афіцыйна папрасілі прытулку ў іншых краінах.

XS
SM
MD
LG