Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 ліпеня 2000 г.


Алег Жукоўскі, Віцебск

Сёньня ў Віцебску а 18-й гадзіне мясцовая суполка БСДП "Народная Грамада" наладзіла пікет у падтрымку свайго лідэра Мікалая Статкевіча ды іншых палітыкаў, якіх перасьледуе цяперашняя ўлада. Сацыял-дэмакратаў падтрымалі прадстаўнікі іншых арганізацыяў, якія ўваходзяць у Віцебскую Каардынацыйную Раду.

Сабралося больш за пяць дзясяткаў чалавек. Не засталіся без працы і міліцыянты. З пікетоўшчыкамі яны былі ўжо ў згодзе, але нейкая жанчына сталага ўзросту, узрушаная плякатамі "Хватит лукавить, пора накормить народ" (быў па-руску), "Хопіць хітраваць — час накарміць народ", "Луку на муку", "Лука — дай хлеба" і іншымі, кінулася амаль у бойку зь пікетоўцамі, лямантавала што гэткіх людзей трэба расстрэльваць, для чаго апэлявала да міліцыянтаў. У выніку апошнім прыйшлося ўтаймоўваць занадта актыўную грамадзянку. Такім чынам звада прыцягнула вялікую ўвагу, і каля пікетоўшчыкаў сабраўся вялікі натоўп. Трэба адзначыць, што людзі хаця й ня ведаюць, хто такі Статкевіч, але да Лукашэнкі ў большасьці ставяцца ня так, як раней. Таму спачуваньне было якраз у бок удзельнікаў акцыі.

Дарэчы, яе шырокае асьвятленьне гарантаванае, бо, акрамя мясцовых журналістаў, заліковыя матэрыялы па ёй будуць рабіць удзельнікі сэмінару "Новае пакаленьне — новая журналістыка", у якім удзельнічаюць вучні старэйшых клясаў з розных раёнаў вобласьці. Гэты сэмінар праводзіць "Цэнтар падтрымкі некамэрцыйных ініцыятываў "Згода" сумесна зь Люблінскім "Лёсам" і Фондам Сцяпана Батуры.

А заўтра на гэтым жа месцы адбудзецца несанкцыянаваная акцыя Віцебскай каардынацыйнай Рады дэмакратычных сілаў, прысьвечананя 10-м угодкам Дня Незалежнасьці. Несанкцыянаваная таму, што ўсе высілкі прадстаўнікоў Рады атрымаць памяшканьне, каб правесьці ўрачысты вечар ні да чаго не прывялі. Спрацавала тэлефоннае права. Мясцовыя ўлады забаранілі адміністрацыі і Тэатра імя Якуба Коласа, і іншых палацаў культуры здаць у арэнду памяшканьне. У выніку, як гаворыцца ў распаўсюджаных улётках, зьбірацца давядзецца ў тым жа месцы і ў тую ж гадзіну.

XS
SM
MD
LG