Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 ліпеня 2000 г.


Кастусь Бандарук

Адна з самых уплывовых польскіх газэтаў, Gazeta Wyborcza, зьмясьціла сёньня артыкул "Прыгоды Алега Батурына". Адразу тры карэспандэнты газэты з Варшавы, Вашынгтону і Менску інфармуюць польскага чытача аб даволі заблытанай справе былога афіцэра беларускай міліцыі.

Газэта піша, што16-га ліпеня беларускія спэцслужбы выкралі яго ў Варшаве, потым праз Кіеў і Маскву прывезьлі ў Менск, аднак там Батурыну ўдалося ўцячы, і ён знайшоў прытулак у амбасадзе ЗША.

Амэрыканскія ўрадавыя колы паверылі ў выкраданьне Батурына, –піша вашынгтонскі карэспандэнт газэты Бартош Вэнглярчык. Яны пачалі з беларускімі ўладамі перамовы наконт таго, каб Батурыну было дазволена паўторна выехаць ў Польшчу. Адначасова амбасада ЗША ў Менску была гатовая хаваць Батурына ў сябе нават гадамі, як некалі 14 гадоў давала прытулак вугорскаму кардыналу Міндшэнці.

У пятніцу, – піша Gazeta Wyborcza, – ў тэлеінтэрвію Батурын публічна сказаў тое, чаго ад яго патрабавалі беларускія ўлады ўзамен за права паўторна выехаць за мяжу. Ён адмовіўся ад ранейшай вэрсіі пра выкраданьне. Тады яму было дазволена выехаць, і амбасадар ЗША асабіста вывез яго ў Польшчу. Паводле вашынгтонскага карэспандэнта газэты, амэрыканскі бок ужо раней папярэджваў польскія ўлады, што КГБ палюе на Батурына і што трэба яму запэўніць бясьпеку. Аднак польскія спэцслужбы палічылі, што беларускія ўлады не асьмеляцца пайсьці на такі рызыкоўны крок, хаця ён проста мог быць застрэлены на вуліцы. У кожным разе, – піша Gazeta Wyborcza, – зараз Алег Батурын ізноў у Польшчы і ў хуткім часе мае намер выехаць у ЗША.

Менскі карэспандэнт газэты Цэзары Галінскі адзначае тое, на што зьвярталі ўвагу ўсе незалежныя выданьні ў Беларусі: афёра з Батурыным карысная для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
"Улады скарысталі Батурына, каб чарговы раз паказаць, што яны ня маюць нічога супольнага са зьнікненьнямі іншых апазыцыянэраў". У апошнія гады ў Беларусі бяз сьледу зьнікла некалькі вядомых людзей. Батурын мог бы лічыцца чарговым прыкладам такога таямнічага зьнікненьня, але выявілася, што ён знаходзіцца ў амбасадзе ЗША. Калі ў Беларусі зьнікне чарговы апазыцыянэр, рэжым Лукашэнкі можа проста заявіць, што зь ім здарылася тое, што і з Батуранам, – піша Gazeta Wyborcza.

XS
SM
MD
LG