Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 ліпеня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

У Берасьцi ледзь не была сарваная сустрэча прадстаўнiкоў палiтычных партыяў i грамадзкiх аб'яднаньняў рэгiёну з кiраўнiком Кансультацыйна-назiральнае групы АБСЭ ў Беларусi Гансам-Георгам Вiкам. Пасьля ўмяшаньня мясцовых уладаў абласное таварыства "Веды" адмовiлася ладзiць гэты сход на сваёй тэрыторыi, i арганiзатарам прыйшлося шукаць iншае памяшканьне.

Вiзытам у Берасьце распачалася сэрыя сустрэчаў кiраўнiка Кансультацыйна-назiральнае групы АБСЭ ў Беларусi Ганса-Георга Вiка ў беларускiх рэгiёнах. Пад час гэтых паездак, разьлiчаных на тры днi, спадар Вiк плянуе сустрэцца як з прадстаўнiкамi афiцыйных уладаў, гэтак i з актывiстамi мясцовай апазыцыi. Сустрэчы прымеркаваныя да маючых адбыцца выбараў у "Палату прадстаўнiкоў". Кiраўнiк мiсіi АБСЭ ў Беларусi спрабуе ня толькi растлумачыць пазыцыю мiжнародных арганiзацыяў адносна гэтае падзеi, але й даведацца пра стаўленьне рэгiянальных партыйных i грамадзкiх структураў да магчымасьцi iхнага ўдзелу ў назiраньнi за выбарамi.

Але ўжо першая з падобных сустрэчаў, заплянаваная на сёньня ў Берасьцi, апынулася на мяжы зрыву. Нягледзячы на папярэднюю дамоўленасьць, кiраўнiцтва абласнога таварыства "Веды" лiтаральна ў апошнi момант адмовiлася прадставiць сваё памяшканьне для сустрэчы спадара Вiка зь мясцовым актывам апазыцыйных партыяў i грамадзкiх структураў.

Як высьветлiлася, такая зьмена ў настроях супрацоўнiкаў таварыства "Веды", якое фармальна лiчыцца недзяржаўнай структураю, адбылася пасьля тэлефонае размовы зь адным з кiраўнiкоў берасьцейскае "вэртыкалi". У вынiку ўладальнiкi абранага для правядзеньня гэтае сустрэчы памяшканьня, заявiлi, што ўсе папярэднiя дамоўленасьцi мусяць быць скасаваныя i ладзiць такую акцыю пад дахам таварыства "Веды" яны лiчаць нямэтазгодным.

Звароты арганiзатараў зь просьбаю растлумачыць больш канкрэтна, чаму нельга правесьцi сустрэчу з кiраўнiком Кансультацыйна-назiральнае групы АБСЭ менавiта ў гэтым памяшканьнi, плёну не далi. Намесьнiк старшынi абласнога таварыства "Веды" Мiкола Суханаў толькi спрабаваў пераканаць, што нiякага цiску зь боку ўладаў на яго не было i рашэньне адмовiць у арэндзе памяшканьня ён прыняў самастойна: маўляў, невядома чаму менавiта тут спадар Вiк пажадаў сустрэцца зь берасьцейскiмi апазыцыянэрамi.

У рэшце рэшт сустрэча была тэрмiнова перанесена ў офiс мясцовае фiлii фонда iмя Льва Сапегi.

Ганс-Георг Вiк паведамiў, што ў цяперашняй сытуацыi, якая склалася ў Беларусi, хутчэй за ўсё, у мiжнародных структураў ня будзе iншага выйсьця, як адмовiцца ад назiраньня за восеньскiмi выбарамi. Разам з тым кiраўнiк мiсіi АБСЭ лiчыць мэтазгодным правядзеньне незалежнага ўнутранага назiраньня за гэтым працэсам, каб потым у дэмакратычных сiлаў Беларусi была магчымасьць ня толькi заявiць, што выбары ў "Палату прадстаўнiкоў" зьяўляюцца фарсам, але й падаць неабходныя доказы гэтае высновы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG