Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 ліпеня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Працягваецца расьсьледаваньне справы пра зьнікненьне апэратара расейскае тэлекампаніі ОРТ Зьмітра Завадзкага. Учора пасьля прыезду ў Менск кіраўнік інфармацыйнага аддзелу ОРТ Павал Шарамет быў выкліканы на допыт у Галоўную ўправу ўнутраных справаў. Допыт пачаўся апоўдні й працягваўся да 8-й гадзіны вечара.

Павал Шарамет спачатку размаўляў са сьледчымі транспартнага аддзелу Галоўнае ўправы ўнутраных справаў з удзелам першага намесьніка міністра Мікалая Лапаціка. Пасьля некалькіх гадзінаў допыту, які вялі супрацоўнікі ГУУСу, Павал Шарамет пачаў адказваць на пытаньні сьледчых Транспартнай пракуратуры.

Гаворыць Павал Шарамет:

(Шарамет: ) "Напачатку нашая размова пісалася на відэакамэру, але гэта быў неафіцыйны допыт, а спакойная размова. Розныя вэрсіі зьнікненьня Завадзкага мы абмяркоўвалі. А потым прыехалі сьледчыя пракуратуры, і ўжо ў чатыры гадзіны быў афіцыйны допыт з пратаколам, які вялі сьледчыя пракуратуры. Дыпыт, па-першае, быў вельмі нэрвовы ў першую гадзіну, асноўныя пытаньні былі аб паклёпе на Лукашэнку і беларускія спэцслужбы. Я адмовіўся адказваць на гэтыя пытаньні. У пачатку ў нас была канфліктная сытуацыя, ну а потым мы зразумелі адно аднаго і спакойна скончылі допыт. Я адказаў на ўсе іх пытаньні. Ніякіх новых вэрсіяў няма, пракурораў больш хвалявала нашая паездка ў Чачню і паклёп, спэцслужбы, Лукашэнка… У прыватных размовах яны таксама разважаюць пра спэцслужбы. Але ў іх іншы бок – ня ведаюць, якія гэта спэцслужбы былі – беларускія ці іншыя нейкія. Яны таксама думаюць пра гэта і бачаць, што гэта прафэсійныя людзі зрабілі. А мы лічым, што гэта былі беларускія спэцслужбы. Але зараз ужо не адмаўляюцца ад вэрсіі, што гэта былі спэцслужбы".

Паведаміў Павал Шарамет.

Сьледчыя Транспартнай пракуратуры папярэдзілі Шарамета пра адказнасьць за распаўсюджваньне паклёпніцкіх зьвестак пра Аляксандра Лукашэнку й беларускія спэцслужбы. Ён падпісаў гэтае папярэджаньне. Наступны допыт мусіць адбыцца заўтра.

XS
SM
MD
LG