Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 ліпеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Арганізатары сьвяткаваньня 10-й гадавіны прыняцьця Дэклярацыі сувэрэнітэту Беларусі адмовіліся праводзіць заўтра ў Менску палітычны мітынг. Замест яго на пляцы Бангалёр адбудзецца рок-канцэрт пад назваю "10 гадоў – 10 гітоў"…

Беларускія ўлады адмовілі прадстаўнікам аб'яднанай апазыцыі ў правядзеньні ўрачыстых акцыяў амаль па ўсёй Беларусі. Толькі ў Менску й Наваполацку афіцыйна дазволеныя мітынгі. Разам з тым сталічны гарадзкі выканкам перанес месца правядзеньня мітынгу й сьвяточнага канцэрту з парку Горкага на пляц Бангалёр.

Прадстаўнікі апазыцыі палічылі, што ў такіх умовах праводзіць мітынг нямэтазгодна і вырашылі абмежавацца правядзеньнем канцэрту для моладзі з удзелам рок-гуртоў "NRM", "Новае Неба", "Крама" ды іншых.

Гаворыць намесьнік старшыні БНФ пад кіраўніцтвам Вчоркі Вячаслаў Сіўчык:

(Сіўчык: ) "Заўтра ніякага мітынгу ня будзе, а будзе рок-канцэрт для моладзі а 18-й гадзіне на плошчы Бангалёр. Акрамя таго ў горадзе былі распаўсюджаныя ўлёткі, і я думаю, людзі ўсё ж зьбяруцца а 17 гадзіне ў парку Горкага ля плошчы Перамогі. Плянаваліся досыць значныя акцыі ў розных іншых мясьцінах, ня толькі ў Менску, але ж улады яшчэ раз паказалі, які ў нас сёньня складаецца клімат даверу, якая сёньня атмасфэра ў нашай краіне. Па большасьці гарадоў проста адмовы. Гэта чарговае парушэньне правоў чалавека і проста сьведчыць, што і так ведае ўвесь сьвет – што ў Беларусі дыктатура, і што ўлады проста баяцца народу".

Паведаміў спадар Сіўчык.

Разам з тым, з нагоды прыняцьця Дэклярацыі сувэрэнітэту Вярхоўны Савет 13-га скліканьня арганізуе заўтра ў Менску круглы стол на тэму "Дзесяць гадоў сувэрэнітэту: вынікі пройдзенага шляху". Ды а 14-й гадзіне на Маскоўскіх могілках будзе адкрыты помнік намесьніку старшыні ВС Генадзю Карпенку.

Улады Наваполацку дазволілі мясцовым апазыцыянэрам правесьці заўтра а 18-й гадзіне мітынг на пляцоўцы ля гарадзкога Палацу культуры. А вось у Віцебску падобная акцыя на пляцы Леніна пройдзе несанкцыянавана. Там гарадзкія ўлады не дазволілі апазыцыі праводзіць ня толькі мітынг, але і ўрачысты сход з нагоды сьвята.

Несанкцыянаваны мітынг зьбіраюцца правесьці сябры апазыцыйных партыяў і ў Бабруйску. А ў Магілеве пройдзе турнір па міні-футболу прымеркаваны да Дня Незалежнасьці, а ўвечары, а 18-й гадзіне, у Палацы культуры швейнікаў адбудзецца ўрачысты сход і канцэрт. На Гомельшчыне фактычна ніякіх акцыяў з нагоды сьвята праводзіцца ня будзе.

Надзвычай сьціпла адзначаць Дзень Незалежнасьці ў заходніх рэгіёнах Беларусі. Так, толькі ў Гародні 27 ліпеня днём адбудуцца два пікеты, і а 18-й гадзіне ў Палацы культуры "Юнацтва" пачнецца ўрачысты сход. У Берасьці, Пінску, Баранавічах, Бярозе ды ў іншых гарадох улады не далі апазыцыі дазволу на правядзеньне сьвяточных акцыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG