Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 ліпеня 2000 г.


Юры Дракахруст

На думку большасьці беларускіх грамадзянаў з усіх сваіх перадвыбарчых абавязкаў Лукашэнка выканаў толькі адно – аднавіў шчыльныя адносіны з Расеяй і Украінай. Амаль кожны трэці незадаволены ягоным кіраваньнем на працягу 6 гадаў. Тым ня менш рэйтынг кіраўніка дзяржавы застаецца вельмі высокім. Мы працягваем знаёміць слухачоў з вынікамі агульнанацыянальнага сацыялягічнага апытаньня, якое правёў у чэрвені сёлета Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў і Цэнтар сацыяльных і экалягічных дасьледаваньняў.

Падчас перадвыбарчае кампаніі 1994 году кандыдат у прэзыдэнты Лукашэнка шчодра раздаваў абяцаньні "запусьціць заводы", вярнуць народу тое, што нарабавала мафія, кампэнсаваць страчаныя ўклады і г.д.

Якія з гэтых абяцаньняў кіраўнік дзяржавы выканаў? – спыталі сацыёлягі. 60 % апытаных лічаць, што Лукашэнка здолеў аднавіць шчыльныя адносіны з Расеяй і Украінай. Што тычыцца астатніх абяцаньняў, то, паводле грамадзкае думкі, тут кіраўнік дзяржавы меў сьціплы посьпех. З тым, што Лукашэнка здолеў "запусьціць заводы", згодны толькі кожны трэці апытаны, што падняў міжнародны прэстыж Беларусі – 27%, што даў свабоду мэдыям – кожны чацьверты рэспандэнт. І ўжо зусім невялічкая колькасьць людзей упэўненая, што былі выкананыя эканамічныя абяцаньні: толькі кожны дзясяты лічыць, што Лукашэнка падтрымаў прадпрымальнікаў і абараніў іх ад дзяржаўнага "рэкету", прыблізна 9 % згодная з тым, што кіраўнік здолеў кампэнсаваць уклады ў ашчадбанку, 7% вераць, што нарабаванае мафіяй было за апошнія 6 гадоў вернутае народу.

Агульныя ацэнкі таксама далёкія ад суцэльнай эйфарыі: прыкладна кожны чацьверты хутчэй задаволены 6-гадовым праўленьнем Лукашэнкі, кожны трэці хутчэй не задаволены, астатнія чымсьці задаволеныя, чымсьці – не. Трактоўка гэтых вынікаў залежыць ад погляду: можна сказаць, што шклянка напалову поўная, можна – што напалову пустая, але у любым выпадку відавочна, што суцэльнага задавальненьня няма.

Ацэнкі нядаўняга мінулага яшчэ менш аптымістычныя: больш за 60% апытаных адказалі, што за апошні год эканамічная сытуацыя у краіне пагоршылася, прыблізна столькі ж адзначылі пагаршэньне іх уласнага эканамічнага становішча.

Пры гэтым у пагаршэньні эканамічнага становішча людзі вінавацяць менавіта ўладу: 40% апытаных ускладаюць віну на ўрад, амаль столькі ж – на мясцовыя ўлады, 30% лічаць, што адказны за пагаршэньне эканамічнага становішча – кіраўнік дзяржавы. Нават мафію вінавацяць ў гэтым менш рэспандэнтаў – толькі кожны пяты.

Тым ня менш падтрымка Лукашэнкі з боку насельніцтва застаецца даволі шырокаю. У параўнаньні з мінулым, красавіцкім апытаньнем паказчыкі гэтай падтрымкі амаль не зьмяніліся: 38% апытаных гатовыя галасаваць за Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах Беларусі, 20 % хацелі б бачыць яго на гіпатэтычнай пасадзе кіраўніка беларуска-расейскае саюзнае дзяржавы. Гэтыя рэйтынгі – самыя нізкія за апошнія тры гады, але яны надзвычай высокія ў параўнаньні з рэйтынгамі іншых беларускіх палітыкаў: напрыклад, за Міхаіла Чыгіра на прэзыдэнцкіх выбарах гатовыя галасаваць толькі 4% апытаных.

Варта адзначыць, што калі сацыёлягі прапанавалі апытаным сьпіс магчымых кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі, у якім адсутнічала імя Лукашэнкі, то і тут рэйтынгі палітыкаў былі ня надта высокімі: за Чыгіра і Шушевіча выказаліся па 7%, 5% аддалі перавагу Валянціне Палевіковай, 2,5% - Пазьняку. У гэтым, магчыма , адзін з мэханізмаў захаваньня высокай папулярнасьці Лукашэнкі – нягледзячы на невыкананьне ім перадвыбарчых абяцаньняў і правалы ў эканамічнай палітыцы, грамадзкая думка ня бачыць яму альтэрнатывы і абірае яго, як найменшае зло.

Ня выключана, што часткова гэта тлумачыцца няведаньнем і татальнай антыапазыцыйнай прапагандай дзяржаўных мэдыяў. Для параўнаньня – рэйтынг новага расейскага прэзыдэнта Пуціна ў Беларусі працягвае імкліва расьці: з красавіка па чэрвень колькасьць тых, хто хацеў бы бачыць яго на гіпатэтычнай пасадзе прэзыдэнта беларуска-расейскае дзяржавы, павялічылася з 31% да 38%. Гэтая тэндэнцыя хаця і блякуе памкненьні Лукашэнкі патрапіць на маскоўскі сталец, але сама па сабе – даволі трывожная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG