Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 ліпеня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

16 гадоў таму абарваўся зямны шлях Уладзімера Караткевіча, унікальнага пісьменьніка, які спалучыў у сваёй асобе талент найвялікшага беларускага рэаліста ды непераўзыйдзенага мітатворцы. Сёньня, у дзень памяці Караткевіча, літаратуразнаўца Міхась Тычына ды нашая карэспандэнтка Валянціна Аксак спрабуюць адказаць на пытаньне: чым ёсьць дух і творы Караткевіча для сучасьнікаў?..

(Тычына: ) "Перш чым адказаць на Вашае пытаньне, я спрабую ўявіць Караткевіча сёньня і з цяжкасьцю ўяўляю. Мне здаецца, што ён адчуваў бы сябе ў нашай сёньняшняй сытуацыі непамысна, досыць нязвыкла. Ну але Караткевіча ўявіць сёньня адна справа, а ўявіць нас сёньняшніх без Караткевіча – гэта яшчэ цяжэй. Нам без яго куды цяжэй, чым яму бяз нас".

Так думае Міхась Тычына, знаўца творчасьці Караткевіча, які добра ведаў і самога пісьменьніка. Караткевіч першы ў сучаснай беларускай прозе прыдумаў у сваіх творах нацыянальныя беларускія міты, а чытачы прыдумалі міты пра Караткевіча. Ужо пры жыцьці, зямны й рэальны, ён успрымаўся нават вельмі блізкімі людзьмі незвычайным чалавекам. Многія рысы створаных ім гістарычных літаратурных герояў аўтаматычна пераносіліся на аўтара. Стваральнік мітаў сам станавіўся мітам.

Чаму гэтыя міты былі такімі прыцягальнымі для прагматычных сучасьнікаў?

(Тычына: ) "Міт гэты заснаваны быў, як мне здаецца, на рэальнай гісторыі, і таму ён толькі мае назву міта, а на самай справе гэта паветра, без якога мы проста існаваць ня можам. Хто ведаў Караткевіча – той шчасьлівы, але і той, хто яшчэ ўведае яго, таксама шчасьлівы. Гэта адкрыцьцё цэлага сьвету – незвычайнага, яркага, багатага. Нездарма ў гуманітарным ліцэі, дзе я выкладаю літаратуру, мяне заўсёды наперад пытаюць: "А калі будзе Ўладзімер Караткевіч? Калі мы пачнем гаворку пра Караткевіча?" Значыцца, ёсьць такая патрэба ў гэтым пісьменьніку і ў тым накірунку, якім ён вёў свайго чытача".

Кнігі Караткевіча нязьменна займаюць першы радок у чытацкім рэйтынгу газэты "Наша Ніва", а на паліцах кнігарняў іх даўно няма. Час ад часу ў прэсе зьяўляюцца абвесткі пра жаданьне набыць васьмітомнік Караткевіча.

Што ёсьць творы пісьменіка для сёньняшніх чытачоў?

(Тычына: ) "Што Караткевіч сёньня? Караткевіч вельмі моцна стаяў на нацыянальнай глебе, гэта значыць, быў рэалістам і ў той жа час галавою, думкамі сваімі, лятункамі ён быў, канешне, вышэй усяго, ён жыў у вялікім часе беларускай гісторыі. А гэта становішча надзвычай складанае і для чалавека, і для пісьменьніка. Гэта, па сунасьці, жыцьцё і праца на разрыў. І зразумела, што чалавек такога ўтрываць ня можа. Лёс Караткевіча таму пацьверджаньне. Але ён думаў пра вялікае, вечнае і зрабіў таму шмат. Шлях Караткевіча вядзе менавіта ў будучыню. Бо дух (а ён жыў менавіта гэтым) заўсёды перамагае ў спрэчцы зь мячом. Бо дух ёсьць меч Боскай волі і спосаб зьдзяйсьненьня задуманага".

Задуманага ў Караткевіча было на паўсотні тамоў, пра што ён сам напісаў у маладосьці Максіму Танку. Сьмерць напаткала пісьменьніка ў няпоўныя 54 гады, але й за гэты час ім створана ня выдадзеных 8, а ўсе 20 тамоў, – лічыць літаратуразнаўца Міхась Тычына. У пасьмяротны збор твораў не ўвайшлі нават усе творы з архіву пісьменьніка. Абсалютна невядомая чытачу застаецца ягоная эпісталярная спадчына, а кожны ліст Караткевіча – гэта цэлае апавяданьне.

Такіх несабраных твораў параскідана па сьвеце багата, і ніхто не зьбірае іх. Нават плянаў пра сапраўдны поўны збор твораў Уладзімера Караткевіча няма. Значыць, той час, калі магутны творчы дух ягоны будзе запатрабаваны суайчыньнікамі, яшчэ не настаў. І ці хутка настане?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG