Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 ліпеня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

31 ліпеня кантрольны пакет акцыяў сумеснага беларуска-амэрыканскага прадпрыемства "Форд-Юніён" пяройдзе да ангельскае кампаніі J&W Sanderson. Такім чынам, глябальны праект, тры гады таму ўзяты пад асабісты кантроль Аляксандра Лукашэнкі, скончыўся заўчасна і амаль безвынікова.

Сума новага кантракту будзе аб'яўленая пад час падпісаньня статутных дакумэнтаў. Аднак ужо цяпер эканамісты аналізуюць, чаму пэрспэктыўны праект, на які беларускія ўлады ўскладалі вялікія спадзяваньні, скончыўся так няўдала.

Паводле віцэ-прэзыдэнта Беларускага Саюзу прадпрымальнікаў Аляксандра Патупы, Беларусь фактычна падарыла прадпрыемству 200 млн. амэрыканскіх даляраў дзяржаўных сродкаў у якасьці прэфэрэнцыяў на вызваленьне ад падаткаў на прыбытак. Улады, відавочна, мелі спадзяваньне на шматразовую аддачу. Да таго ж, гэта было своеасаблівай падзякаю за ганаровае сяброўства з карпарацыяй Ford Motor – беларускі ўрад меў 26 адсоткаў у супольнай справе. Для параўнаньня: амэрыканскі бок уклаў у вытворчасьць суму, у 10 разоў меншую – толькі 19 млн. амэрыканскіх даляраў было выдаткавана на мантаж зборачных канвэераў.

Вось меркаваньне на гэты конт Аляксандра Патупы:

"Гэта, увогуле, быў рэклямны трук, каб потым сказаць, што такі гігант як Ford наўпрост інвэстуе грошы ў Беларусь.

Праўда, кіраўніцтва Ford'у тады не зусім зразумела сытуацыю і запатрабавала заканадаўчага замацаваньня сваіх ільготаў. З настойлівай ініцыятывы міністра прадпрымальніцтва Сазонава "Нацыянальны сход" прыняў адмысловы закон пра прэфэрэнцыяі. А гэта дзікунства – прымаць закон на адрэсу асобнага прадпрыемства.

Зараз можна сказаць, што з рэклямнага труку анічога не атрымалася, і на сёньняшні дзень застаецца пляцоўка, якую можна выкарыстоўваць для тых ці іншых зборак. Але дзеля гэтага патрабуюцца дадатковыя ўкладаньні на пераабсталяваньне зборачнага комплексу", – мяркуе Аляксандар Патупа.

Пра тое, што з гучнае справы нічога не атрымалася, красамоўна сьведчаць лічбы. Пры праектнай магчымасьці ў 6 тысячаў аўтамабіляў летась з канвэера сышло менш за 500 мікрааўтобусаў "Форд транзыт" і легкавых "Форд-эскорт". Сёлета не дасягнутыя нават гэтыя паказьнікі.

Бадай, адзіны, хто ў гэтай сытуацыі амаль не прайграў, – беларускі дылер Ford'у "Лада-ОМС". Фірма увесь час валодала значным пакетам акцыяў – 23% – і, відаць, атрымае нядрэнныя дывідэнды. Да таго ж, паводле статусу, "Лада-ОМС" зьяўляецца супольным беларуска-ангельскім прадпрыемствам, і кантракт менавіта з ангельскім вытворцам плястмасавых вырабаў J&W Sanderson разгортвае перад прадпрымальнікам Аляксеям Ваганавым новыя пэрспэктывы. Спэцыялісты нават мяркуюць, што перапрафіляванае на базе "Форд-Юніён" прадпрыемства зможа стаць пастаўшчыком дэталяў, у тым ліку і для аўтамабіляў маркі "Форд". Але, паводле меркаваньняў эканамістаў, толькі пры ўмове новых значных інвэстыцыяў у старыя магутнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG