Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 ліпеня 2000 г.


Казімер Яноўскі, Гомель

Упершыню за 14 зь лішкам гадоў пасьля Чарнобыльскае катастрофы Гомельскі абласны выканкам прыняў адмысловае рашэньне ў паляпшэньні арганізацыі радыяцыйнага кантролю малака ды іншых харчовых прадуктаў, якія вырабляюцца ў асабістых гаспадарках грамадзянаў на забруджаных тэрыторыях.

Абласны выканкам у сваім рашэньні змушаны быў канстатаваць: у існуючай зараз арганізацыі радыяцыйнага кантролю за вытворчасьцю сельгаспрадукцыі ў асабістых гаспадарках ёсьць істотныя недахопы й нядбайнасьць.

Па-першае, з пачаткам летняга пашавага сэзону жывёлы не вядзецца масавы кантроль за малаком у прыватных гаспадарках . Тое ж самае назіраецца й напачатку зімовага стойлавага пэрыяду. Санітарна-эпідэміялягічная служба, на якую ўскладзены абавязкі кантролю, абмяжоўваецца асобнымі дзяжурнымі праверкамі. Мала займаюцца гэтай справаю мясцовыя ворганы ўлады.

Аграпрамысловы комплекс рэгіёну не выконвае ахоўныя захады, зьвязаныя са стварэньнем чыстых сенакосаў і пашаў для жывёлы вяскоўцаў. Сёлета, напрыклад, па лініі чарнобыльскага камітэту фінансуецца стварэньне такіх сенакосаў і пашы на плошчы 6,6 тысячы гэктараў. Фактычна выкананьне складае на сёньня толькі 27 адсоткаў.

Між тым паводле вынікаў радыяцыйнага кантролю перавышэньні дапушчальных узроўняў радыеактыўнага цэзію і стронцыю рэгіструюцца ў пробах прадукцыі з прыватных падворкаў 273 населеных пунктаў. Найперш гэта – у пробах малака, затым – мяса, радзей – бульбы ды іншае прадукцыі.

Па трыццаць і болей вёсак, дзе малочная прадукцыя не адпавядае аніякім радыяцыйным нормам, ёсьць у Чачэрскім, Лельчыцкім, Веткаўскім раёнах. Не нашмат менш такіх вёсак ў Нараўлянскім, Хойніцкім, Ельскім ды іншых забруджаных раёнах.

Няякасная прадукцыя з падворкаў у сукупнасьці са спажываньнем грыбоў, ягадаў, рачное рыбы абумоўлівае высокія ўнутраныя дозы апраменьваньня людзей, а ўрэшце – адмоўна ўплывае на іхнае здароўе.

Цяпер абласны выканкам патрабуе ад Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі і раённых «вэртыкальных» ворганаў перадаваць матэрыялы ў пракуратуру пры выяўленьні парушэньняў санітарнага заканадаўства ці «бязьдзейнасьці службовых асобаў, адказных за правядзеньне ахоўных захадаў у асабістых гаспадарках грамадзянаў».

Управа надзвычайных сытуацыяў і абароне жыхароў ад наступстваў Чарнобыльскае катастрофы разам з "аблсельгаспродам" забавязаныя мяняць забруджаныя радыяцыяй кармы й сельгаспрадукцыю з прыватных падворкаў на чыстыя і, магчыма, нават забіраць кароў, калі малако ўвесь час бруднае.

Падобныя захады, трэба сказаць, прадугледжваліся й раней. Заяўлялася нават у першыя гады пасьля катастрофы, што ўся вобласьць будзе забясьпечвацца сапраўды чыстымі харчамі зь іншых рэгіёнаў краіны, у прыватнасьці, зь Віцебску. Аднак цяпер пра гэта афіцыйныя ўлады нават ня ўзгадваюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG