Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 ліпеня 2000 г.


Юры Дракахруст

Сёньня распачынаецца візыт у Беларусь дэлегацыі Кітайскае Народнае Рэспублікі на чале з намесьнікам старшыні КНР Ху ЦзыньТао. Падчас візыту мяркуецца падпісаць палітычны дакумэнт, які будзе вызначаць палітычныя адносіны паміж дзвюма краінамі ў наступным стагодзьдзі. Заўтра адбудуцца сустрэчы Ху Цзынь Тао з Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімерам Ярмошыным.

Хаця гандлёвы абарот паміж Беларусьсю і Кітаем ня надта вялікі – летась ён склаў каля 200 мілёнаў даляраў, двухбаковыя адносіны па інтэнсыўнасьці саступаюць толькі беларуска-расейскім. Чаму?
Яшчэ ў 1997 годзе Лукашэнка недвухсэнсоўна заяўляў, што акцэнт у двухбаковых гандлёвых адносінах будзе зроблены на ваеннае супрацоўніцтва. Па агульных аб'ёмах гандлю Кітай замыкае дзясятку самых буйных партнэраў Беларусі, але па аб'ёмах гандлю зброяй – на другім мейсцы пасьля Расеі.

Але зацікаўленасьць афіцыйнага Менску ў супрацоўніцтве з Пэкінам тлумачыцца ня толькі чыста эканамічнымі патрэбамі. Відавочныя палітычныя і нават ідэалягічныя чыньнікі. Лукашэнка, яшчэ калі быў дэпутатам Вярхоўнага Савету, да мейсца і не да мейсца спасылаўся на вопыт "кітайскіх таварышчаў", якія здолелі рэфармаваць эканоміку бяз шоку і бяз зьменаў у палітычнай сыстэме.

Другі чыньнік – прымакоўская мадэль "шматпалярнага сьвету", якую ўзялі на ўзбраеньне дамарослыя беларускія геапалітыкі ва ўладзе. У 1997 годзе Лукашэнка падчас сесіі парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі і Расеі выступіў з прапановаю стварыць "вось Пэкін-Масква-Менск", які, паводле тлумачэньняў вынаходніка, павінен быў ураўнаважыць уплыў НАТА, што пашыраецца на Ўсход.

Але Карл Маркс нездарма называў ідэалёгіі "ілжываю сьвядомасьцю". Няслушнымі аказаліся спадзяваньні на магчымасьць пераносу досьведу рэформаў усходняга гіганту з перавагаю аграрнага сэктару ў якую-ніякую, але індустрыяльную Беларусь. Але і пра кітайскія рэформы Лукашэнка, як і ягоныя расейскія аднадумцы, меў не зусім пэўнае ўяўленьне: падчас свайго візыту ў Кітай беларускі кіраўнік са зьдзіўленьнем канстатаваў, што кітайскія камуністы будуюць, як высьветлілася, капіталізм, а не блізкі ягонаму сэрцу "рынкавы сацыялізм". З тае пары спасылкі на кітайскі досьвед у прамовах беларускага кіраўніка сталі сустракацца значна радзей.

Той жа лёс спасьціг і амбіцыйныя пляны стварэньня адзінага антынатаўскага фронту ад Берасьця да Шанхаю. Як заўважыў яшчэ ў 1997 годзе Генры Кісінджэр, усур'ёз гаварыць варта толькі пра Расею і Кітай.

Спробы невялікай эўрапейскай краіны адыгрываць ролю геапалітычнага гіганту сапраўды выглядаюць крыху камічнымі.
Але сумніўнай падаецца магчымасьць нават расейска-кітайскага блёку, абедзьве краіны зацікаўленыя ва ўзаемадзеяньні з Захадам, а не ў супрацьстаяньні яму. Да таго ж Масква і Пэкін ужо зараз – не саюзьнікі, а канкурэнты за ўплыў у Азіі. Ну і нарэшце, не мітычны напад войскаў НАТА, а масавая міграцыя кітайцаў на расейскі Далёкі Ўсход стварае рэальную пагрозу нацыянальнай бясьпецы Расеі. 21 ліпеня гэтага году Ўладзімер Пуцін гаварыў пра пагрозу таго, што праз некалькі дзесяцігодзьдзяў жыхары расейскага Далёкага Ўсходу будуць гаварыць на кітайскай, японскай і карэйскай мовах. Літаральна на мінулым тыдні абвастрыліся расейска-кітайскія спрэчкі ў справе дзяржаўнай мяжы. Так што Кітай для Расеі – такі саюзьнік, які можа стацца больш небясьпечным, чым любы праціўнік.

Аднак гэтыя реаліі сучаснага сьвету беларускі "прагматык" Лукашэнка ня хоча браць пад увагу. Але, калі ідэалягічныя ілюзіі і не спраўджваюцца, кіраўніка Беларусі ўсё роўна цешаць візыты высокапастаўленых асобаў самай шматлюднай дзяржавы сьвету.
Архітэктар кітайскіх рэформаў Дэн Сяо Пін казаў: "Ня мае значэньня, якога колеру кот, ён павінен добра лавіць мышэй". Для характарыстыкі беларуска-кітайскіх адносінаў яго думку можна працягнуць: "А калі кот ня ловіць мышэй, ён абавязкова павінен быць прыгожага, ідэалягічна правільнага колеру".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG