Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 ліпеня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

Жонкi й мацi беларускiх вязьняў сумленьня зьвярнулiся праз Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ ў Менску да ўрадаў, парлямэнтаў i грамадзкасьцi дэмакратычных краiнаў са зваротам у сувязi з крымiнальнай справаю супраць Юлii Чыгiр. Беларускiя жанчыны просяць дапамогі, каб не дапусьцiць чарговае судовае расправы.

Зварот падпісалі 29 жанчынаў – Алена Анцыповіч, Тамара Ваўковіч–Хашчавацкая, Арына Вячорка, Сьвятлана Лябедзька, Яніна Пушкіна, Таіса Кабанчук, Тацяна Севярынец, Зінаіда Хілько, Любоў Шчукіна, Люцына Бельзацкая-Халіп, Ірына Красоўская ды іншыя.

У звароце, у прыватнасьці, гаворыцца: "Нашых родных i блiзкiх зьбiваюць на дэманстрацыях, зьневажаюць, арыштоўваюць, ужываючы незаконныя прыёмы фiзычнага ўзьдзеяньня. Мы пазбаўленыя магчымасьцi абаранiць свае гонар i годнасьць у судзе. Нi адзiн зварот паводле фактаў незаконных дзеяньняў мiлiцыi пад час разгону мiтынгаў i дэманстрацыяў ня быў задаволены. Затое ў дачыненьнi да тых, хто спрабаваў абаранiць сябе ад гвалту з боку мiлiцыi, рэпрэсіўная машына спрацоўвае на поўную моц".

У звароце адзначаецца, што няма анiякае надзеi на аб'ектыўны судовы разгляд крымінальнае справы супраць Юліі Чыгір. А таксама няма сумненьня, мяркуюць жанчыны, што гэты iнцыдэнт будзе разглядацца як яшчэ адная падстава для далейшае нэйтралiзацыi палiтычнага апанэнта рэжыму – Мiхала Чыгiра.

Як лічыць ініцыятарка звароту Галіна Сіўчык, маці Вячаслава Сіўчыка, аднаго зь першых вязьняў сумленьня ў Беларусі, трэба працягнуць руку дапамогі пацярпелай сяброўцы:

(Сіўчык: ) "Не адгукнуцца на бяду Юліі Чыгір мы не маглі хаця б таму, што… Вось паглядзіце, напрыклад, маці Касьпяровіча. 11 разоў затрымлівалі яе дзіця, кожнага разу ён быў жорстка зьбіты, некалькі разоў у яго было сатрасеньне мозгу – ніхто, ніводзін чалавек ня быў пакараны за тую жорсткасьць, зь якой яго затрымлівалі. Нават ніводная зорачка ніўкога ня ўпала з пагонаў за ўсе нашыя сьлёзы. А тут жанчына, якая ў роспачы, з заломленымі рукамі, яе ўдарылі ў жывот, у грудзі, схапіла за вуха… Яна, чалавек гідлівы, ніколі б гэтага не зрабіла. Вы ўяшляеце, у якім яна была стане?"

(Карэспандэнт: ) "І вы лічыце, што жаночы голас будзе пачуты?"

(Сіўчык: ) "Ведаеце, мы не гаворым, што вось мы напісалі, і што нашыя ўлады адразу расчуліліся, расплакаліся. Але мы хочам прыцягнуць увагу. Вялікая сіла салідарнасьці".

Гэта была Галіна Сіўчык.

А на думку Валянціны Зімніцкай, жонкі Юрыя Хадыкі, крымінальная справа супраць Юліі Чыгір – гэта чарговае запалохваньне. Улады гэтым імкнуцца паказаць сваю моц, – лічыць жонка Хадыкі: "Не змаглі пасадзіць за краты Чыгіра, дык хочуць пасадзіць жонку. А што яна зрабіла проціпраўнага? Баранілася ад гвалту, пра што сьведчаць і мэдычныя даведкі".

Валянціна Зімніцкая спадзяецца, што жаночы зварот паўплывае на рашэньне судзьдзяў.

Як стала вядома, падобны зварот да дэмакратычнай супольнасьці зараз рыхтуе і Беларуская арганізацыя працоўных жанчынаў і другія жаноцкія арганізацыі Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG