Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 ліпеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прадстаўнікі Каардынацыйнае Рады дэмакратычных сілаў адмовіліся сёньня браць удзел у г.зв. "круглым стале" ў пытаньні выбараў, зарганізаваным беларускімі ўладамі. Сябры Рады накіравалі ўдзельнікам круглага стала заяву, у якой прапанавалі правесьці гэтую сустрэчу ў наўпростым тэле- й радыёэфіры.

Заяву пра няўдзел у ініцыяванай уладамі сустрэчы падпісалі прадстаўнікі БНФ пад кіраўніцтвам Вячоркі, АГП, БСДГ "Народная Грамада", Жаночае партыі "Надзея" і Партыі працы.

У заяве гаворыцца, што прадстаўнікі апазыцыі вітаюць ідэю правядзеньня круглага стала на тэму парлямэнцкіх выбараў, але вымушаныя ўлічваць шматлікія выпадкі скажэньня інфармацыі з падобных акцыяў супрацоўнікамі дзяржаўных СМІ. Таму, на думку прадстаўнікоў апазыцыі, мэтазгодна правесьці гэты круглы стол у наўпроставым тэле- і радыёэфіры.

Апазыцыянэры перадалі сваю заяву ўдзельнікам круглага стала празь лідэра Партыі камуністаў Сяргея Калякіна. Вось што паведаміў нашаму радыё адносна правядзеньня круглага стала кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Абсалютна невыпадкова, што гэты круглы стол праводзіцца зараз, перад прыездам тройкі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. І мы ўжо знаёмыя з такім прыёмам, калі, напрыклад, падстаўнік Лукашэнкі спадар Шпілеўскі прыехаў у Бухарэст і заявіў, што прадстаўнікі беларускай апазыцыі мелі 60 выступаў на беларускім тэлебачаньні ў прамым эфіры. Натуральна што гэта хлусьня, гэта проста статыстыка, гэта "чорны піяр". І вось гэты круглы стол праводзіцца не для таго, каб данесьці нашую пазыцыю да электарату, а для таго, каб паставіць яшчэ адну галачку і прадэманстраваць гэта прадстаўнікам Рады Эўропы".

Лічыць спадар Лябедзька.

Тым часам у Нацыянальным прэс-цэнтры сёньня сабраліся пераважна тыя, хто падтрымлівае палітыку беларускіх уладаў. Старшыняваць за сталом адразу ж узяўся памочнік Лукашэнкі Сяргей Посахаў, што выклікала абурэньне з боку лідэра апазыцыйных камуністаў спадара Калякіна.

За сталом панаваў і адпаведны настрой. Прадстаўнікі праўрадавых партыяў адзін за адным выказвалі сваё захапленьне выбарчым законам, пацьвярджалі свой удзел у выбарах і абвінавачвалі апазыцыю ў дэстабілізацыі становішча ў Беларусі. Сяргей Посахаў казаў пра тое, што выбары пройдуць дэмакратычна, а само правядзеньне круглага стала сьведчыць, што ў краіне нібыта ўсталёўваецца атмасфэра даверу, і апазыцыя можа выказаць сваю пазыцыю праз дзяржаўныя мас-мэдыі.

Адзіным, хто пад час сходу не пагадзіўся з гэтым, быў Сяргей Калякін:

(Калякін: ) "Сёньня ў Рэспубліцы Беларусь не выконваюцца законы і канстытуцыя, якія маюць безумоўна выконвацца ўсімі суб'ектамі палітычнага жыцьця. Агулам атмасфэра, якая сёньня пануе ў грамадзтве, гэта атмасфэра страху і падаўленьня тымі, хто пры ўладзе, іншадумства ў нашай краіне".

Заявіў удзельнікам круглага стала лідэр ПКБ Сяргей Калякін.

Паводле словаў кіраўніка апазыцыйнае Кампартыі, ні пра які доступ апанэнтаў улады да дзяржаўных мэдыяў, ці пра роўныя магчымасьці для кандыдатаў сёньня казаць не выпадае. Спадар Калякін, у прыватнасьці, заявіў, што ў яго ёсьць доказы таго, што чыноўнікі пачалі інструктаваць сябраў выбарчых камісіяў, хто з кандыдатаў мусіць трапіць у будучы парлямэнт, а хто не.

Паводле словаў Калякіна, ягоная партыя пакуль ня вызначылася, у якім фармаце будзе ўдзельнічаць у выбарах, і зробіць гэта на сваім зьезьдзе 19 жніўня.

Сяргей Калякін назваў сёньняшні круглы стол брыфінгам, у часе якога ён так і не пачуў канструктыўных прапановаў з боку уладаў адносна вываду Беларусі з палітычнага крызысу.

XS
SM
MD
LG