Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 ліпеня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

У раніцу ў менскім аэрапорце Паўла Шарамета сустракалі журналісты й прадстаўнікі беларускага МУС. Сьледчы крымінальнага вышуку ў суправаджэньні міліцыянтаў намагаўся ўручыць Шарамету позву ў пракуратуру.

Шарамет позву падпісаць адмовіўся, але пагадзіўся самастойна прыехаць на допыт. Акрамя гэтае ўстановы, дырэктар інфармацыйнага аддзелу ОРТ разам з супрацоўнікамі беларускага бюро мусіў наведаць і Транспартную пракуратуру, каб даць паказаньні ў справе Зьмітра Завадзкага.

Вось як Павал Шарамет пракамэнтаваў сваё рашэньне:

"Мне зараз сьледчы намагаўся ўручыць позву, каб я зьявіўся ў крымінальны вышук на допыт. Я адмовіўся таму, што памятаю мінулую крымінальную справу і ведаю, што нельга падпісваць на хаду ў аэрапорце аніякіх папераў. Я адмовіўся разам зь імі ехаць у МУС, патлумачыў, што сам магу гэта зрабіць.

Мяне некалькі разоў папярэджвалі, што ў Менску або плянуецца, або ўжо ўзбуджаная крымінальная справа паводле факту паклёпу на беларускага прэзыдэнта й беларускія спэцслужбы. Беларуская Транспартная пракуратура накіравала вялікі пералік пытаньняў у расейскую пракуратуру. Пракуроры настойліва патрабавалі, каб мяне дапыталі расейскія пракуроры, нягледзячы на выхадныя дні, паводле факту паклёпу. Усе пытаньні пераважна тычыліся маіх інтэрвію журналістам, маіх выступаў на тэлевізіі".

Далей Павал Шарамет паведаміў, як вядзецца справа Зьмітра Завадзкага:

"Тут беларускіх сьледчых цікавіць толькі адное пытаньне: ці ёсьць у ОРТ або ў мяне дакумэнтальнае пацьверджаньне зьнікненьня Завадзкага. Больш нічога. Што тычыцца новых падрабязнасьцяў у справе Зьмітра Завадзкага, дык нам па-ранейшаму невядома ягонае месца знаходжаньня. Усе падрабязнасьці, якія нам становяцца вядомыя, мы адразу паведамляем сьледчым у транспартную пракуратуру.

На сёньняшні дзень нам абсалютна дакладна вядома, што ў дзень зьнікненьня Зьмітра за ім сачылі. У двары ягонага дому зранку зьявіліся людзі адпаведнага выгляду. На пытаньні жыхароў яны адказвалі груба. Па ўсім было відаць, што людзі "на працы". Нават складзеныя іх фотаробаты…

Дарэчы, нас проста затэрарызавалі прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў. Справа ў тым, што Эрнст у адпачынку, я ўвесь час або ў Маскве, або ў Менску. А прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў або тэлефануюць, або прыходзяць да нас у офіс і ўвесь час патрабуюць ад нас нейкіх новых дадзеных. І пры гэтым яны яшчэ абвінавачваюць нас у сабатажы…

Сёньня прадстаўнікі беларускай пракуратуры знаходзяцца ў Маскве. Яны ўвесь час намагаюцца адвесьці сьледзтва ў бок, спасылаючыся на тое, што сьляды Завадзкага ў Расеі",

– гаварыў Павал Шарамет.

Ён таксама растлумачыў журналістам інцыдэнт з жыхаром Дагэстана, пра які казаў Лукашэнка: "Ён быў раней двойчы асуджаны за махлярства. У ОРТ ён прасіў дзьве з паловаю тысячы даляраў за касэту, на якой нібыта зьняты Зьміцер. Яго затрымалі, зрабілі ператрус у кватэры і знайшлі чыстую касэту. Мы перадалі запісы тэлефонных перамоваў зь ім у беларускую пракуратуру. Гэты махляр утрымліваецца ў Саратаве. Расейская пракуратура прапануе беларускай забраць яго, але тыя пакуль чамусьці адмаўляюцца. Нават адмаўляюцца сустракацца зь ім", – паведаміў Павал Шарамет.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG