Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 ліпеня 2000 г.


Казімір Яноўскі, Гомель

Сёньня, праз тры гады пасьля стварэньня лукашэнкаўскага Патрыятычнага саюзу моладзі, улады па-ранейшым выдаткоўваюць на яго ўтрыманьне значныя сумы грошай зь дзяржаўнага бюджэту. З Гомелю перадае Казімір Яноўскі.

Гомельскі абласны выканкам прыняў адмысловае рашэньне наконт дзейнасьці рэгіянальнай арганізацыі БПСМ. Прадпрыемствам, установам, усім іншым суб'ектам гаспадараньня рэкамэндавана накіроўваць на фінансаваньне праграмаў і мерапрыемстваў БПСМ да аднаго адсотку прыбытку.

Асаблівая ўвага мясцовай "вэртыкалі" зьвяртаецца на пашырэньне структураў так званых "патрыётаў" у калгасах і саўгасах. Паводле інфармацыі сакратара абласной арганізацыі БПСМ спадара Маціеўскага, якраз у вёсцы самая нізкая ўдзельная вага суполак Патрыятычнага саюза – усяго 3 адсоткі. У пяці раённых арганізацыях – Буда-Кашалёўскай, Веткаўскай, Жлобінскай, Лоеўскай, Нараўлянскай – першасных структураў БПСМ наогул няма.

Каб надаць вагі БПСМ, аблвыканкам запатрабаваў ад камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаваньні спрыяць уключэньню сакратароў суполак у склад праўленьняў калгасаў, радаў працоўных калектываў, іншых кіраўніцкіх ворганаў сельгаспрадпрыемстваў. Апошнім дазволена за кошт сваіх сродкаў падвышаць на 50 адсоткаў службовыя аклады сакратароў БПСМ.

Чатырнаццаць выканкамаў вобласьці (ў тым ліку Сьветлагорскі і Гомельскі гарадзкія) абавязаны да 1-га верасьня ўключыць у свой склад прадстаўнікоў БПСМ — як таго патрабуе ўказ Лукашэнкі за нумарам 380. Дванаццаці гарадзкім ды раённым выканкамам даручана вылучыць для мясцовых структураў БПСМ аўтамашыны зь лімітам прабегу ня менш як 400 кіляметраў на месяц.

Ёсьць у рашэньні аблвыканкаму і ўказаньні адносна забесьпячэньня БПСМ дадатковымі рабочымі кабінэтамі, штомесячным фінансаваньнем бягучых выдаткаў гарадзкіх і раённых камітэтаў, штоквартальным — іхных праграмаў і праектаў.

Так званыя "патрыёты" ва ўсё большай ступені становяцца ўтрыманцамі дзяржавы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG