Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 ліпеня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

23 лiпеня ў Бярозе, раённым цэнтры Берасьцейскай вобласцi, адбыўся пiкет у падтрымку Усебеларускага Зьезду за незалежнасьць. Акцыя была прымеркаваная таксама да дзясятых угодкаў прыняцьця Вярхоўным Саветам Беларусi Дэклярацыi аб дзяржаўным сувэрэнiтэце. Разам з тым мясцовыя ўлады забаранiлi правядзеньне заплянаванай на 27 лiпеня дэманстрацыi з гэтай жа нагоды па галоўнай вулiцы гораду.

Пiкет у мiнулую нядзелю адбыўся ў Бярозе па iнiцыятыве сябраў Кансэрватыўна-Хрысьцiянскай партыi БНФ. Раённыя ўлады далi дазвол на правядзеньне акцыi, але толькi на бегавой дарожцы гарадзкога стадыёну.

Удзельнiкi пiкету – а гэта прадстаўнiкi абедзьвюх плыняў БНФ, Таварыства беларускай мовы ды iншых дэмакратычных арганiзацыяў – трымалi ў руках бел-чырвона-белыя сцягi зь партыйнай сымболiкай i плякаты наступнага зместу: "Незалежнасьць – гарантыя жыцьця i здароўя вашых дзяцей i ўнукаў", "Мы ня хочам, каб беларусы пралiвалi кроў у Чачнi цi iншых расейскiх "гарачых" кропках" i гэтак далей. Адначасова зьбiралiся подпiсы супраць аб'яднаньня Беларусi i Расеi ў адзiную дзяржаву.

З гэтымi плякатамi пiкетоўшчыкi прастаялi перад уваходам на стадыён – амаль што на галоўнай вулiцы горада, якая носiць iмя Ленiна. Але мiлiцэйскi патруль запатрабаваў ад удзельнiкаў акцыi, каб тыя адыйшлi непасрэдна на тэрыторыю стадыёну. Неўзабаве на гэтым спартовым аб'екце зьявiўся старшыня Бярозаўскага райвыканкаму Iльля Малейцiн, якi вырашыў у выхадны дзень пагуляць у тэнiс. Перад тым як распачаць сваю трэнiроўку, кiраўнiк мясцовай "вэртыкалi" павiтаўся з пiкетоўшчыкамi i павiншаваў iх зь надыходзячым святам – Днем Незалежнасьцi.

Цiкава, што падчас гэтай, так бы мовiць, нефармальнай сустрэчы са старшынём райвыканкаму, мясцовыя актывiсты дэмакратычных арганiзацыяў, яшчэ ня ведалi, што бярозаўскiя ўлады забаранiлi правядзеньне 27 лiпеня дэманстрацыi, таксама прымеркаванай да прынятай у 1990 годзе Дэклярацыi аб дзяржаўным сувэрэнiтэце Беларусi. Акрамя таго, падчас маючай адбыцца акцыi плянавалася выказаць свой пратэст супраць сыстэматычных затрымак выплаты заробку. Сёньня ранiцай стала вядома, што кiраўнiцтва "вэртыкалi" не дае дазвол на правядзеньне дэманстрацыi па галоўнай вулiцы гораду, бо ў такiм выпадку дэманстранты пройдуць на адлегаласцi меней за 50 мэтраў ад будынкаў, дзе знаходзяцца ворганы дзяржаўнага кiраваньня. А гэта, маўляў, супярэчыць дзеючаму заканадаўству. Падпiсаў райвыканкамаўскае рашэньне, якое забараняе згаданую акцыю, той самы Iльля Малейцiн.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG