Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 24 ліпеня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі адбыўся брыфінг, прысьвечаны гісторыі таямнічага зьнікненьня з Варшавы і зьяўленьня ў Менску былога міліцыянта Алега Батурына.

Сёньня ў Міністэрстве замежных справаў адбыўся брыфінг, прысьвечаны сытуацыі, зьвязанай з Алегам Батурыным. Прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка паведаміў, што пасьля выхаду ў эфір паведамленьня Радыё Свабода пра тое, што Алег Батурын зьнік у Варшаве і мейсца знаходжаньня яго невядомае, 20 ліпеня ў МЗС па ўласнай ініцыятыве прыехаў амбасадар ЗША, які заявіў, што Батурын знаходзіцца ў амэрыканскай амбасадзе. Даніэл Спэкгард паведаміў, што ў амбасадзе Алег Батурын заявіў пра гвалтоўнае выкраданьне з тэрыторыі Польшчы, якое ўчынілі дзьве невядомыя асобы, якія прывезьлі яго ў Менск. Амбасада дала яму часовы прытулак.

Прадстаўнік МЗС адзначыў, што няма ніякіх доказаў гвалтоўнага выкраданьня Батурына, і амэрыканскі бок іх таксама не прад'яўляў. Дэніэл Спэкгард толькі папрасіў беларускі бок дазволіць былому міліцыянту бесперашкодна зьехаць у Польшчу. Паводле словаў прэсавага сакратара, у МЗС патлумачылі амбасадару, што Батурын і так мае права ехаць куды заўгодна. Але, нягледзячы на гэта, Спэкгард папрасіў дазволіць яму самастойна адвезьці Батурына да беларуска-польскай мяжы.

У сувязі з тым, што ў сродках масавай інфармацыі былі выказаныя падазрэньні ў тым, што да гэтай гісторыі маюць дачыненьне беларускія спэцслужбы, беларускі бок прапанаваў узбудзіць паводле гэтага факту крымінальную справу і апытаць Батурына як пацярпелага. Тады Батурын пагадзіўся выступіць перад БТ з абвяржэньнем паведамленьня Радыё Свабода. Пры гэтым прэсавы сакратар заявіў, што ня бачыць тут ніякай супярэчнасьці. Ён заўважыў, што Батурын ня меў ніякіх стасункаў з прадстаўнікамі беларускай улады – зрабіць заяву было ягонай ініцыятывай, а ўсе далейшыя выказваньні, лічыць сп. Латушка, сьведчаць пра ілжывасьць Батурына.

На пытаньне, чаму ў амбасаду ЗША былі запрошаныя толькі журналісты Дзяржтэлерадыёкампаніі, Павал Латушка адказаў, што папросту не хацелі зьбіраць натоўпу. Далей прэсавы сакратар паведаміў: калі Батурын у сваіх інтэрвію і далей будзе сьцьвярджаць пра тое, што быў выкрадзены – беларуская пракуратура пачне расьсьледаваньне гэтай справы.

Прэсавы сакратар падкрэсьліў, што Батурын, як і ўсе грамадзяне Беларусі, мае права свабодна ехаць у любы бок. На пытаньне, чаму беларускія ўлады дазволілі выехаць за мяжу чалавеку, супраць якога ўзбуджаная крымінальная справа, Латушка адказаў, што крымінальная справа супраць Батурына ўзбуджаная толькі за паклёп. Гэта выклікала ў прысутных журналістаў ўсьмешкі.

XS
SM
MD
LG