Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 ліпеня 2000 г.


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

У сталіцы Літвы Вільні тры прыбалтыйскія дзяржавы і яшчэ шэсьць дзяржаваў, што нядаўна атрымалі свабоду, зьвярнуліся да НАТО з просьбай, каб яно распачало перамовы адносна ўступленьня дзевяці краінаў у Паўночна-Атлянтычны альянс у 2002 годзе.

Пацьвярджаючы права кожнай з краінаў на ўступленньне ў НАТО на індывідуальнай аснове, Віленская дэклярацыя канстатуе, што ўступленьне ў альянс хоць бы адной з гэтых краінаў азначаў бы посьпех для ўсіх, а таксама гэта сталася б гістарычным посьпехам і для НАТО, і для Эўрапэйскага Зьвязу. Гэты новы і больш сьмелы мэтад узьдзеяньня на НАТО выклікаў неадназначную рэакцыю на Захадзе. У гэтай сувязі зноў аналізуюцца крытэрыі ўступленьньня ў НАТО постсавецкіх краінаў.

На старонках газэты World Street Journal Europe іх аналізуе аналітык Владзімір Сокор. Брытанскія афіцыйныя асобы агаломшылі на мінулым тыдні старшыню літоўскага парлямэнта Вітаўтаса Ландзбергіса, які знаходзіўся ў Лёндане зь візытам. Яму прэзэнтавалі сьпіс пэўных пярэчаньняў з боку заходнеэўрапейскіх дзяржаваў адносна ўступленьня Прыбалтыйскіх краінаў у НАТО.

Контрааргумэнты, сфармуляваныя брытанскімі афіцыйнымі асобамі, выяўляюцца ў наступным. Па-першае, альянс, у які ўвойдзе так шмат краінаў, стане занадта грувасткім. Косаўскі крызыс прадэманстраваў складанасьць у каардынаці дзеяньняў усіх краінаў-сябраў альянсу. Па-другое, перш, чым прымаць рашэньне адносна прыбалтыйскіх краінаў, НАТО павінен быць упэўнены, што ўступленьне ў альянс Польшчы, Чэхіі і Вугоршчыны мела прадуктыўны посьпех. Па-трэцяе, прыбалтыйскія дзяржавы занадта маленькія, каб ад іх была нейкая карысьць НАТО. У якасьці чацьвертага контрааргумэнту брытанскія афіцыйныя асобы назвалі пазыцыю Расеі, якая, хоць і ня мае права накласьці вэта на магчымае станоўчае рашэньне, тым ня менш зь яе думкай трэба лічыцца, бо гэта краіна ўплывовая, і яна прынцыпова супрацьстаіць магчымаму пашырэньню НАТО коштам сяброўства ў ім постсавецкіх краінаў. Захад,які, натуральна, занепакоены бясьпекай маленькіх краінаў, ня можа ня ўлічваць расейскае гледжаньне, а таму прыбалтыйцы мусяць збалянсавана ўспрымаць і заходні, і расейскі інтарэсы. Пяты і апошні контрааргумэнт – у адрозьненьне ад іншых сярэднеэўрапейскіх краінаў-сяброў НАТО і кандыдатаў у яго – Прыбалтыйскія дзяржавы былі часткаю Савецкага Саюзу.

Аналітык World Street Journal Владзімір Сокор падкрэсьлівае, што першы контрааргумэнт Захаду прыбалты прадчувалі, і іхная падтрымка дзеяньням НАТО ў Косаве, у іншых балканскіх канфліктах была моцнай і хуткай. Гэтаксама як і па іншых міжнародных пытаньнях. Таму прыбалтыйскія краіны лічаць, што іх прысутнасьць ў НАТО ўзмоцніць скаардынаванасьць і дысцыплінаванасьць у дзеяньнях усіх сяброў альянсу.

Адносна другой заходняй пазыцыі – тут прыбалты зьвяртаюць увагу на тое, што ў зьвязваньні рашэньня па магчымым іхным сяброўстве ў НАТО з вопытам Польшчы, Чэхіі і Вугоршчыны далёка ня ўсе краіны зацікаўленыя. Тым больш, што, калі Польшча і Вугоршчына без сумневу даказалі сваё права быць ў НАТО, то Чэскі ўрад часам адкрыта дыстанцаваўся ад агульнай пазыцыі.

Трэці контрааргумэнт – "вы занадта маленькія" – ігнаруе тое, што НАТО нельга нават уявіць без краінаў накшталт Ісляндыі ці Люксэмбургу, якія яшчэ меншыя, чым прыбалтыйскія краіны, і якія даказалі сваю карыснасьць у НАТО.

Што да пачцівага стаўленьня да пазыцыі Масквы, то гэта будзе азначаць паварот Літвы, Латвіі і Эстоніі ў стала шэрую зону. І гэта значна зьнізіла б бясьпеку для сяброў альянсу і нават патэнцыял ў канкурэнцыі паміж Усходам і Захадам. А НАТО страціла б свае аргумэнты ў сэнсе сваіх ўплываў на бясьпеку і нават такім чынам як бы заклікала да дэстабілізацыі паўсюдна.

Адносна сталай прэтэнзіі – вы былі часткаю СССР – прыбалты таксама маюць уласнае перакананьне. Спадар Ландзбэргіс зноў яго паўтарыў. Лінія, якую правёў праз Эўропу пакт Рыбэндроп-Молатаў, ужо зьнікла з мапы. Але яе контуры ўсё яшчэ ўпарцяцца ў галовах асобных заходніх вытворцаў палітыкі. У рэшце рэшт, нават за часы халоднай вайны заходнія краіны не прызнавалі савецкай акупацыі прыбалтыйскіх краінаў. А цяпер за гэтае ж заклікаюць пакараць Літву, Латвію і Эстонію. Тым больш, што цяпер, калі прэзыдэнтам Расеі стаў Владзімір Пуцін, урад гэтай краіны пачаў зноў апраўдваць акупацыю прыбалтыйскіх дзяржаваў. У мінулым месяцы Міністэрства замежных справаў Расеі афіцыйна пацьвердзіла, што прыбалтыйскія краіны былі прынятыя ў Савецкі Саюз на падставе зваротаў іхных жыхароў і ў адпаведнасьці зь міжнародным законам. Менавіта ўжо гэта пацьвярджае неабходнасьць прыняцьця Літвы, Латвіі і Эстоніі ў НАТО. Працэс гэты мусіць быць паскораны і таму ўжо зараз трэба падрыхтаваць палітычнае рашэньне, каб яно было прынятым на наступным саміце.

XS
SM
MD
LG