Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 ліпеня 2000 г.


Юрась Барысевіч, Менск

(эфір 22 ліпеня)
Навіны культуры мінулага тыдня

У Беларускім унівэрсытэце культуры ў новым навучальным годзе зьявіцца новая спэцыялізацыя – "традыцыйная культура Беларусі". Студэнтаў будуць вучыць ня толькі традыцыйным абрадам і сьвятам, але й сакрэтам кухарскага й вінакурнага мастацтва розных рэгіёнаў Беларусі.

Гарадзенскі хор духоўнае музыкі "Дойлідзтва" запісаў у Італіі кампакт-дыск з уласнымі сьпевамі. Хор, якім кіруе Натальля Бульцэвіч, даў некалькі канцэртаў на міжнародным фэстывалю сьпеўнага мастацтва ў горадзе Клузон каля Бэргама. На парадзе ў гонар адкрыцьця фэстывалю харысты пранесьлі па вуліцах Клузону беларускі сьцяг.

У Нацыянальнай бібліятэцы, а таксама ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Акадэміі навук адчыніліся выставы, прысьвечаныя сотым угодкам з дня нараджэньня Ўладзімера Дубоўкі. Сярод экспанатаў абедзьвюх выставаў – рэдкія фатаздымкі, рукапісы й прыватныя лісты аўтара знакамітага верша "О Беларусь, мая шыпшына!". На адкрыцьці выставы ў Нацыянальнай бібліятэцы гэты верш прасьпяваў бард Аляксей Галіч.

Яўген Краўцоў, аўтар гумарыстычных перадачаў Беларускае тэлевізіі "Банка коміксаў" і "Адбой", зьняў на расейскія грошы паўнамэтражны мастацкі фільм "Армія выратаваньня". Прэм'ерны паказ гэтай эксцэнтрычнае камэдыі прайшоў у кінатэатры "Партызан". На наступным тыдні дэбютная стужка Краўцова будзе йсьці ў кінатэатры "Салют".

У выдавецтве "Асобны дах" выйшла кніга экспэрымэнтальнае графікі й паэзіі вядомае мастачкі, аднае зь лідэрак менскага андэграўнду Людмілы Русавай. Кніга, якая мае назву "Наскрозь", – бадай, лепшы твор канцэптуальнага мастацтва Беларусі ў жанры "бук-арт" з часоў віцебскага супрэматызму, традыцыі якога адраджае Русава. Усе тэксты пададзеныя з паралельным перакладам у ангельскую мову.

Гурт "Крыві" пасьля турнэ па Нямеччыне бярэ ўдзел у фэстывалі фольк-року "Ізо", што праходзіць у Славеніі. Увосень "Крыві" зноў будуць гастраляваць па Нямеччыне, а на радзіме плянуюць даць супольныя канцэрты з "Воплямі Відаплясава" й Барысам Грабеньшчыковым. Верагодна, гітарыст "Крыві" Піт Паўлаў пакіне супрацоўніцтва з гуртом "N.R.M.".

У Беларускім музычным ліцэі прайшла прэм'ера фільму "Іншае жыцьцё", які паставіла рэжысэрка з Францыі Дамініка Пэрно. Стужка распавядае пра беларускага віялянчаліста Ўладзімера Перліна і ягоных вучняў. У фільме гучыць шмат паэтычных твораў, якія Перлін скарыстоўвае ў сваёй мэтодыцы музычнага навучаньня.

Ужо трэці год застаецца неасьвечанаю царква Сьв. Мікалая ў мястэчку Бобр Крупскага раёну. Мясцовы бацюшка марудзіць з рэгістрацыяй прыходу, бо ня ведае, як адрэагуе начальства на росьпісы царквы, якія зрабіў Алесь Пушкін: у сцэне Суднага дня мастак зьмясьціў у пекла ня толькі Лукашэнку, але й мітрапаліта Філярэта. Нагадаем, што ўжо чатыры гады ад вернікаў схаваныя росьпісы, якія Пушкін зрабіў у магілеўскім касьцёле Сьв. Станіслава: там кардынал Сьвёнтак загадаў завесіць рызьзём выявы бел-чырвона-белага сьцягу, Канстытуцыі 94-га году й Зянона Пазьняка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG