Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 21 ліпеня 2000 г.


Казімер Яноўскі, Гомель

Пасьля афіцыйнага прызначэньня выбараў у парлямэнт краіны дэмакратычныя суполкі Гомелю вызначаюць сваё стаўленьне да гэтай важнай палітычнай падзеі.

На паседжаньні Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў з удзелам кіраўнікоў мясцовых суполак Аб'яднанае Грамадзянскае партыі, БНФ, «Народнае Грамады», фонду імя Льва Сапегі, маладзёвага цэнтру «Яравіт», проста ініцыятыўных шэраговых грамадзянаў вырашалася па-сутнасьці адно галоўнае пытаньне: ці дасылаць на афіцыйныя парлямэнцкія выбары ў якасці назіральнікаў сваіх прадстаўнікоў?

Пытаньне не рытарычнае, паколькі найбольш уплывовыя палітычныя партыі адмовіліся браць удзел у выбарах з прычыны іх недэмакратычнасьці, неадпаведнасьці міжнародным стандартам беларускага Выбарчага кодэксу, адсутнасьці доступу да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Асобныя партыі – як Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ – заяўляюць, што нават дэлегаваньне назіральнікаў на выбары будзе спрыяць іх легітымізацыі.

Абмен думкамі на паседжаньні Каардынацыйнае рады выявіў агульны падыход дэмакратычна настроеных гамельчукоў: якраз назіральнікі на выбарах і павінны быць, каб зафіксаваць усе магчымыя парушэньні, неадпаведнасьці кодэксу, каб, урэшце, не ацэньваць іх з чужых слоў. Пра гэта, у прыватнасьці, выказваліся Яўген Касьцюшка, Эдуард Касых, Аляксей Краеў, Сьвятлана Кузьмянкова. Паводле словаў спадара Касых, няблага было б нават весьці нешта накшталт кнігі ці маніторынгу выбараў – у фактах і асобах, прычым на ўсіх этапах выбарчае кампані – ад фармаваньня камісіяў, вылучэньня кандыдатаў да галасаваньня й падсумаваньня вынікаў.

Каардынацыйнай радаю прынята пажаданьне прадстаўнікоў дэмакратычных суполак у арганізацыі сэмінараў для назіральнікаў – з аналізам сытуацыяў, якія могуць узьнікаць пад час выбараў.

Гамяльчук Рыгор Гайкевіч прапанаваў не абмяжоўвацца толькі назіраньнем за правядзеньнем выбарчае кампаніі, а ўжо зараз распачаць інфармаваньне людзей пра тое, чаму выбары – недэмакратычныя, чаму партыі іх ігнаруюць, якія наступствы будзе мець краіна, калі парлямэнт у кастрычніку ня будзе абраны. Нарэшце, людзі, паводле словаў спадара Гайкевіча, амаль нічога ня ведаюць пра ліст да Лукашэнкі з нагоды будучых выбараў лідэраў фракцыяў расейскае Дзяржаўнае думы. Гэтыя прабелы ў інфармаваньні гараджанаў патрэбна неадкладна запоўніць.

Пасьля паседжаньня Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў папрасіў яе сябра Юрыя Варонежцава выказаць сваё стаўленьне да прапановаў і пазыцыі кіраўнікоў гомельскіх суполак:

"Самая каштоўная ідэя, якая была выказана сёньня, палягае ў наступным: мы не павінны толькі назіраць за гэтымі парлямэнцкімі выбарамі, але і, карыстаючыся працэсам назіраньня, зарганізаваць шырокую інфармацыйную кампанію, якая дазволіць людзям даведацца пра пазыцыю на выбарах партыяў, дэмакратычных арганізацыяў", – сказаў спадар Варонежцаў.

XS
SM
MD
LG