Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 ліпеня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Як спробу зьнішчыць унікальны тэатар "Вольная сцэна" расцаніў ягоны калектыў рашэньне міністра культуры Аляксандра Сасноўскага зьняць з пасады мастацкага кіраўніка Валера Мазынскага. Сёньня на сваім агульным сходзе калектыў вырашыў дамагацца адмены гэтага рашэньня.

Агульны сход калектыву "Вольнае сцэны", скліканы з прычыны зьняцьця ўладамі Валера Мазынскага з пасады мастацкага кіраўніка тэатру, быў нагэтулькі перапоўнены эмоцыямі, што некаторыя акторы нават утаймоўвалі іх з дапамогаю валяр'янкі. Страсьці распачаліся адразу пасьля ўльтыматыўнае заявы прысутнага тут чыноўніка зь міністэрства культуры Вацлава Валадзько пра тое, што ён ня будзе ў прысутнасьці прэсы адказваць на пытаньне, якое хвалюе калектыў – за што зьняты Мазынскі? Сам міністар запрашэньне на сход прайгнараваў (дарэчы, ён наогул ня быў ніколі ў гэтым тэатры).

Пасьля таго, як сход аднагалосна прагаласаваў за прысутнасьць журналістаў, спадар Валадзько пагадзіўся штосьці тлумачыць, калі гэта можна назваць тлумачэньнямі. Бо ўсе яны зводзіліся да цьверджаньня, што Мазынскі, нібыта, не спраўляецца з абавязкамі мастацкага кіраўніка. Акторы зноў і зноў нагадвалі чыноўніку пра шматлікія прэстыжныя ўзнагароды калектыву на міжнародных і рэспубліканскіх фэстывалях, якія тэатар здабыў разам са сваім стваральнікам ды нязьменным мастацкім кіраўніком.

(Актор: ) "Мастацкі кіраўнік тэатра Валеры Мазынскі складае рэпэртуар і складае яго вельмі добра. Усе тыя спэктаклі, якія вы пералічылі зараз, яны амаль усе былі з узнагародамі. Чым вы не задаволены?"

Аднак гэтае пытаньне наўпрост заставалася без адказу на працягу больш чым дзьвюхгадзінных спробаў калектыву высьветліць у чыноўніка прычыны, як напісана ў паведамленьні міністра ў тэатар, "немэтазгоднасьці" працягу працоўнага кантракту з Мазынскім. Што й дало падставы зрабіць высновы пра сапраўдную прычыну расправы зь неардынарнай асобаю.

(Актор: ) "Справа не ў прафэсіі Мазынскага, як ён кіруе, як мастацкі кіраўнік, і які ён рэжысэр, а справа ў яго поглядах, у яго грамадзянскай і чалавечай пазыцыі. Пра гэта трэба сёньня гаварыць, а не пра яго якасьці кіраўніка. Ён калючы, ён няўдобны чалавек, па-руску кажучы, ён што думае, тое і гаворыць, давайце і пра гэта сёньня гаварыць, бо гэта – галоўная прычына".

Акторы пры гэтым узгадалі пра тое, што ва ўсе часы тэатральная прафэсія належала да тое, на якую самапаважная ўлада не замахвалася.

(Актор: ) "Мы – блазьнюкі. Ва ўсе часы блазны былі не кранатыя, і не чаплялі іх каралі. Яны іх высьмейвалі, а тыя іх не краналі, бо гэта быў блазен. Усім адсякалі насы, вушы, толькі не чапалі аднаго блазна. Таму я, як блазьнюк, як і Мазынскі, заяўляю таксама: я ніводнага дня не застануся тут з новым кіраўніком. Гэта ўсё – паводле палітычных матываў. Нічога з таго, што тут было нагаворана пра прафэсійныя якасьці, не датычыць Мазынскага. Толькі палітычныя матывы".

Такіх катэгарычных заяваў прагучала шмат. У выпадку, калі міністар Сасноўскі не прыслухаецца да думкі калектыву, на знак салідарнасьці са сваім мастацкім кіраўніком гатовая сыйсьці з тэатру ўся трупа. Праўда, акторы яшчэ спадзяюцца на дзяржаўную мудрасьць міністра, пра што й напісалі яму сёньня ў лісьце, у якім абяцаюць бараніць тэатар усімі законнымі сродкамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG