Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 ліпеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Два буйныя беларускія прафсаюзы – аўтасельгасмашу й радыёэлектронікі – накіравалі зварот да Міжнароднае фэдэрацыі мэталістаў, у якім просяць падтрымкі ў змаганьні за дэмакратыю і правы працоўных.

У супольным звароце двух прафсаюзаў, што аб'ядноўваюць у сваіх шэрагах 260 тысячаў працаўнікоў, паведамляецца, што ў Беларусі ўлада вядзе пасьлядоўнае зьнішчэньне прафсаюзнага руху. Цяперашні палітычны рэжым у краіне, адзначаецца ў дакумэнце, груба парушае правы працоўных, умешваецца ў прафсаюзную дзейнасьць, вядзе мэтанакіраваны перасьлед непажаданых яму прафсаюзных лідэраў і актывістаў. Пры гэтым улады не прызнаюць факты парушэньняў правоў чалавека і прафсаюзаў.

11 ліпеня Беларусь наведала місія Міжнароднае канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў на чале з генэральным сакратаром Білам Джорданам і цалкам пераканалася ў адсутнасьці тут цывілізаваных парадкаў у працоўнай сфэры. Таму салідарнасьць з боку Міжнароднае фэдэрацыі мэталістаў, на думку аўтараў звароту, дапаможа перамагчы ў працяглай барацьбе з уладамі, каб усталяваць тут дэмакратычныя свабоды.

Дакумэнт падпісалі лідэры прафсаюзаў аўтасельгасмашу й радыёэлектроннае прамысловасьці – Аляксандар Бухвостаў і Генадзь Фядыніч.

Камэнтуючы гэты зварот нашаму радыё, Аляксандар Бухвостаў паведаміў, што міжнародная падтрымка беларускіх прафсаюзаў магчымая ў наступных формах:

"У першую чаргу, можа быць зварот да ўлады Беларусі з патрабаваньнем спыніць умяшаньне ва ўнутраныя справы прафсаюзаў і распачаць выкананьне канвэнцыяў Міжнароднай арганізацыі працы. Потым можа быць зварот сяброў фэдэрацыі мэталістаў да сваіх нацыянальных урадаў. Каб гэтыя ўрады зрабілі адпаведныя заявы на адрэсу беларускага кіраўніцтва з патрабаваньнем спыніць парушэньні правоў прафсаюзаў. Міжнародная прафсаюзная супольнасьць можа рэагаваць на падзеі ў Беларусі і праз амбасады. Могуць яны праводзіць у сябе і дэманстрацыі – акцыі падтрымкі. У міжнародным рабочым руху многа формаў, якія зьяўляюцца актамі салідарнасьці", – зазначыў старшыня прафсаюзу аўтасельгасмашу.

Аляксандар Бухвостаў не выключае і эканамічнага ціску на Беларусь з боку Міжнароднае фэдэрацыі мэталістаў, якая аб'ядноўвае на сёньняшні дзень 22 мільёны сяброў прафсаюзаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG